Увага карэспандэнтаў Петрыкаўскіх навін у суботні дзень была накіравана на Петрыкаўскі раённы цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Тут прахо-дзяць заняткі па лячэбнай фізкультуры.
Нягледзячы на тое, што заняткі пачынаюцца ў дванаццаць гадзін, мамы і таты ва ўстанову дадатковай адукацыі прыйшлі з дзецьмі намнога раней. Хлопчыкам і дзяўчынкам неабходна пераапрануцца, крыху адпачыць да прыходу педагога, пагаварыць з аднагодкамі. Актыўныя ў зносінах і бацькі. У іх, у адрозненне ад малых, тэма адна – здароўе дзяцей.
– Пра заняткі па лячэбнай фізічнай культуры я даведалася з бацькоўскага школьнага чата. Мая дачка мае патрэбу ў дапамозе такога спецыяліста, і вось мы тут, – дзеліцца Аксана Мельнік. – Вельмі зручны час для заняткаў, створаны неабходныя ўмовы, прыемна, што наведванне цалкам бясплатнае.
Бацькі не хаваюць: педагогу Данілу Ялчанка давяраюць і ўскладаюць на яго надзеі. Хаця юнак прыйшоў на працу ў Цэнтр толькі ў мінулым годзе, ужо паспеў прадэманстраваць свае прафесійныя якасці, уменне знаходзіць агульную мову з выхаванцамі. Як прызнаецца малады спецыяліст, здольнасці да заняткаў спортам, фізічную вынослівасць яму прывілі ў Капцэвіцкай сярэдняй школе. У час вучобы ў Гомельскім універсітэце імя Францыска Скарыны нараўне з атрыманнем спецыяльнасці “Выкладчык фізічнай культуры” прайшоў спецыялізацыю па ЛФК і масажы. Суразмоўца лічыць, што нішто не заменіць фізкультуру па набыцці навыкаў здаровага ладу жыцця.
– Лячэбная фізкультура карысна ў любым узросце, з’яўляецца прафілактыкай і ўваходзіць у тэрапію многіх паталогій, – дзеліцца Даніла Сяргеевіч. – Да мяне на заняткі прыходзяць наведвальнікі з парушэннем асанкі, плоскаступнёвасцю, тыя, каму неабходны практыкаванні для распрацоўкі суставаў і мышцаў. Часта для выніку патрабуецца індывідуальны падыход. Спецыяліст нагадвае, што трапіць у групу можна толькі па рэкамендацыі ўрача. Пры абследаванні непаўналетніх, або пры звароце дарослых на змены ў здароўі выхаванцаў, медык ставіць дыягназ і, калі ёсць такая неабходнасць, дае накіраванне на ЛФК. Але, па словах маладога педагога, даць параду бацькам ці пракансультаваць ён заўсёды рады і на добраахвотнай аснове.
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.
Оставить комментарий