22 снежня сваё прафесійнае свята адзначаюць энергетыкі.

Напярэдадні падзеі мы наведалі калектыў Петрыкаўскага раёна электрычных сетак. Ад дзейнасці гэтых работнікаў залежыць бесперабойная праца прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, утульнасць і камфорт у нашых дамах.
Адзін з іх – дыспетчар РЭС Анатолій Вяргей. Усё прафесійнае жыццё героя, а гэта 36 гадоў, непарыўна звязана з энергетыкай. Хоць бацькі Анатолія Васільевіча працавалі ў сельскай гаспадарцы, і з дзяцінства перад ім быў прыклад працы на зямлі, юнак выбраў іншы прафесійны шлях. Пасля заканчэння роднай Макарыцкай базавай школы, ён накіраваўся ў Буда-Кашалёва, каб атрымаць прафесію тэхніка-электрамеханіка.
– Пасля заканчэння тэхнікума быў накіраваны на адпрацоўку ў Добрушскі раён, – успамінае энергетык. – Далей была служба ў войску ў Германіі. Пасля “дэмбелю” вярнуўся працягваць свой прафесійны шлях на малую радзіму. Спачатку працаваў на керамзітным заводзе, а 27 гадоў таму прыйшоў у якасці інжынера-электрыка на РЭС.
Яго праца – гэта сапраўднае сэрца электрычных сетак Петрыкаўшчыны.
– У мае абавязкі ўваходзіць упраўленне электрычнымі сеткамі і вытворчасць аператыўных пераключэнняў электрасеткі ў раёне. Праца, якая патрабуе пастаяннай увагі і хуткіх рашэнняў. Сваю работу люблю і цаню, – прызнаецца герой.
Анатолій Васільевіч адзначае, што ў калектыве электрасетак пануе атмасфера падтрымкі і ўзаемадапамогі, а кіраўніцтва шчыра перажывае за арганізацыю і людзей. Усё гэта дазваляе калектыву спраўляцца з любымі выклікамі.

“Калі здараецца пазаштатная сітуацыя, неабходна неадкладна аднавіць падачу электраэнергіі, работнікі РЭС выходзяць на працу, не зважаючы на свае планы і выхадныя. Наша галоўная мэта – забяспечыць стабільнае і надзейнае электразабеспячэнне раёна”

Сустрэча з Анатоліем Васільевічам, як гэта часта бывае, пачалася з прафесійных пытанняў, але закранула сферу асабістага. І тут адкрылася карціна сапраўднага сямейнага шчасця, якое будуецца на ўзаемнай падтрымцы, любові і клопаце. Анатолій Васільевіч расказвае, што Любоў Мікалаеўна, яго “надзейны тыл”. Працуе швачкай ва УП “Селюкі”, яна добрая гаспадыня, якая стварае ўтульнасць і цяпло ў нашым доме”.
– Яе клопат я адчуваю кожны дзень, – прызнаецца суразмоўца – Праяўляецца гэта ў смачных абедах, якія мая Любоў збірае з пяшчотай мне на змену, і цікавасці да маіх будняў энергетыка. Але і я не застаюся ўбаку: плачу жонцы той жа манетай, уважлівасцю і клопатам.
Іх дзеці ўжо выраслі і сталі самастойнымі. Дзмітрый і Сняжана, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, знайшлі свой шлях у жыцці. Дзеці – вялікае шчасце для бацькоў.
Час за размовай з Анатоліем Васільевічам прайшоў хутка. Не абышлося і без пажаданняў ад героя ў адрас калег напярэдадні прафесійнага свята:
– Жадаю ўсім моцнага здароўя, невычарпальнай энергіі, поспехаў у нялёгкай, але такой важнай працы! Няхай у дамах землякоў заўсёды будзе святло і цяпло, а наша праца прыносіць задавальненне і гонар!

У 2025 годзе Петрыкаўскім РЭС была праве-дзена рэканструкцыя электрычных сетак у вёсках Муляроўка і Малыя Навасёлкі. На баланс прыняты сеткі чыгуначных шляхоў населеных пунктаў Капцэвічы, Муляроўка, Пціч. Праведзены капітальны рамонт на 38 аб’ектах. Рамонт ліній склаў 137,502 кіламетра.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о