У мінулыя выхадныя масленічныя гулянні разгарнуліся на Петрыкаўшчыне.
Прадапошні дзень масленічнага тыдня выдаўся на Петрыкаўшчыне цёплым і радасным. З самай раніцы на гарадской плошчы пачалі збірацца жыхары і госці Петрыкава. Прыходзілі парамі, з сябрамі, сем’ямі. У паветры лунаў водар бліноў, шашлыка – пачалі працу гандлёвыя рады. Галоўная страва Масленіцы – бліны. На святочнай плошчы можна было прадэгуставаць іх з разнастайным начыннем: мёдам, згушчонкай, варэннем, і вядома – смятанай. Лічыцца, што бліны, якія пякуць увесь масленічны тыдзень – асабліва важныя. Круглая форма іх сімвалізуе сонца, а шчодры пачастунак блінамі – пажаданне дабрабыту і дастатку.
Колькасць людзей, якія прыйшлі на свята Масленіцы на гарадскую плошчу – ўражвала. Землякі сапраўды засумавалі па святах і зносінах за зіму.
Праграму пачалі артысты творчых калектываў філіялаў “Ляскавіцкі цэнтр культуры і вольнага часу” і “Галубіцкі сельскі дом культуры”. Дзякуючы артыстам, на плошчы адчуваўся сапраўдны каларыт беларускіх гулянняў. Мерапрыемства працягнула конкурсная праграма раённага Дома культуры. Сюжэт традыцыйны: цешча ды зяць, праводзіны Зімушкі-зімы і сустрэча доўгачаканай Вясны-прыгажуні. Галоўныя героі тэатралізаванага прадстаўлення расказалі і паказалі, як святкаваўся масленічны тыдзень нашымі продкамі. Кожны дзень меў сваю назву і традыцыі. Напрыклад, панядзелак – “Сустрэча”, а нядзеля – “Дараваная нядзеля”. Маленькія ўдзельнікі гуляння весела і дружна вадзілі карагоды, актыўна бралі ўдзел у народных гульнях і конкурсах, спаборнічалі ў паяданні бліноў, старэйшыя – у распілоўцы дроў. Вядома, не забыліся і пра галоўную традыцыю – бяспройгрышную латарэю “Прызавы слуп”. Кожнаму прадставілася магчымасць паўдзельнічаць і атрымаць узнагароду. Усе ўдзельнікі справіліся з заданнем без праблем, а падарункі ў выглядзе гумавых чобатаў, пакрывала і чайнага набору не прымусілі сябе доўга чакаць.
Дагэтуль кульмінацыяй Масленіцы на Петрыкаўшчыне застаецца спальванне пудзіла. Яно сімвалізуе развітанне з халадамі і надыход вясны. Лялька згарэла дашчэнту, забраўшы з сабой праблемы і нягоды. Народ разыходзіўся ў радасным чаканні новага і добрага.
Масленіца – гэта не проста свята, а важная частка культурнай спадчыны Беларусі. Яна аб’ядноўвае людзей, нагадвае пра традыцыі продкаў і дорыць радасць ад надыйшоўшай вясны.
Марыя Тамко, фота аўтара.
Оставить комментарий