“Дзяжурны” Новы год

0
319

Хоць Новы год – свята сямейнае, многія чуюць запаветны бой курантаў удалечыні ад дома.

Навагоднія святы – час асаблівай увагі. Не варта забываць, што менавіта ў святочнай мітусні дома, на прагулцы і ў гасцях нас могуць падпільноўваць нечаканыя небяспечныя сітуацыі. Каб пазбегнуць іх або максімальна скараціць рызыкі, мы звярнуліся да тых, каму даводзіцца нясці службу. Слова – спецыялістам РАНС, РАУС і ЦРБ.

“Дзяжурны” Новы годЯўгеній Серык, старшы лейтэнант унутранай службы, старшы інспектар сектара нагляду і прафілактыкі Петрыкаўскага РАНС:
– Наша галоўная “зімовая” трывога – гэта пажарная бяспека. Елка з несертыфікаванай гірляндай, пакінутыя без нагляду ўключаныя абагравальнікі, няспраўныя электрапрыборы – усё гэта крыніцы павышанай небяспекі. На жаль, у маёй практыцы былі такія выпадкі, калі гэтыя, здавалася, відавочныя рызыкі прыводзілі да непрыемных наступстваў.
У снежні мінулага года, на пульт дзяжурнага паступіў выклік. Прычына – няспраўнасць гірлянды, якая прывяла да ўзгарання пакоя ў кватэры. На шчасце, усё скончылася добра, без ахвяр. Але гэты выпадак – напамін пра тое, як важна быць пільнымі. Пагэтаму не выкарыстоўвайце самаробныя гірлянды, не пакідайце іх уключанымі на ноч ці пры сыходзе з дому. Асобны пункт – піратэхніка. Запускайце феерверкі толькі на адкрытых пляцоўках, удалечыні ад дамоў і машын, строга па інструкцыі і ні ў якім разе не давярайце гэта дзецям. Няхай ваша іскра святочнай радасці не ператворыцца ў іскру пажару.
Жадаю ўсім землякам бяспечнага Новага года!

“Дзяжурны” Новы годВераніка Красюк, фельчар скорай дапамогі Петрыкаўскай ЦРБ:
– Супрацоўнікі хуткай мед-дапамогі ўжо прывыклі працаваць па графіку дзень-ноч. Вось і ў навагоднюю ноч, і на Каляды далёка не заўсёды атрымліваецца сустрэць свята з сям’ёй. Часта ўжо ў 00.01 паступае першы “навагодні” выклік. Гэта і траўмы пры неасцярожным выкарыстанні піратэхнікі, харчовыя атручванні і абвастрэнне хранічных захворванняў. Я, як медработнік, напярэдадні навагодніх святаў раю землякам выбіраць устойлівы абутак для вулічных гулянняў, глядзіце пад ногі, не злоўжывайце алкаголем і цяжкай ежай. Кантралюйце колькасць з’едзенага дзецьмі, асабліва прысмакаў.
Жадаю вам і вашым блізкім моцнага здароўя! Няхай 2026 год прынясе толькі бадзёрасць духу і цела, а нашы бальнічныя палаты ў святы пустуюць!

“Дзяжурны” Новы годМаксім Белакур, старшы оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі АУС Петрыкаўскага райвыканкама:
– Асноўная задача супрацоўнікаў міліцыі – забяспечыць грамадскі парадак і бяспеку падчас свята. У святы абвастраюцца тры праблемы: спажыванне наркатычных сродкаў, крадзяжы, бытавыя канфлікты, прычынай якіх з’яўляецца залішняе ўжыванне спіртных напояў.
На пастаяннай аснове, у тым ліку і пры правядзенні масавых мерапрыемстваў, органамі ўнутраных спраў прымаюцца меры, накіраваныя на выяўленне асоб, якія знаходзяцца ў грамадскіх месцах у стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў.
АУС нагадвае аб адказнасці за ўчыненне правапарушэнняў, прадугледжаных часткамі 3 і 5 артыкула 19.3 КаАП. Таксама варта памятаць, што спажыванне наркотыкаў у сукупнасці з алкаголем прыводзіць да смяротнага зыходу або сур’ёзных праблем са здароўем. Памятайце, што адказнасць за парушэнні не адмяняецца нават у навагоднюю ноч. Будзьце разважлівыя і памяркоўныя.
Жадаю ўсім мірнага і спакойнага свята! Няхай вашы дзверы адчыняюцца толькі для жаданых гасцей і добрых вестак, а дабрабыт і ўзаемная павага стануць вашымі надзейнымі ахоўнікамі.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о