Тыдзень бацькоўскай любові – гэта не толькі нагода для святочных мерапрыемстваў і ўрачыстасцяў, але і час добрых спраў. Па традыцыі, гэтымі днямі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, палітычных партый і лідары прафсаюзнага руху завіталі ў бальніцы сястрынскага догляду, каб павіншаваць тых, хто ў сілу розных жыццёвых абставін абдзелены сямейным цяплом і ўвагаю родных.
Да раённай дабрачыннай акцыі далучылася дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Сянько.
У бальніцах сястрынскага догляду Петрыкаўшчыны на лячэнні і рэабілітацыі знаходзяцца амаль 50 чалавек. Гэта людзі рознага ўзросту і сацыяльнай катэгорыі, і прычыны, па якіх некаторыя з іх не адзін год знаходзяцца ва ўстанове аховы здароўя, розныя. Аднак, зразумела адно: ні адзін чалавек у нашай краіне, які мае патрэбу ў медыцынскай дапамозе і сацыяльнай абароне, не застаецца без увагі дзяржавы, профільных спецыялістаў і спагадлівых землякоў. Днямі ў гэтым чарговы раз пераканалася наш карэспандэнт.
У бальніцы сястрынскага догляду гарадскога пасёлка Капаткевічы ў дзень нашага візіту знаходзілася 17 пацыентаў. Для ўсіх арганізаваны годныя ўмовы пражывання, харчаванне і якаснае медыцынскае абслугоўванне. Па словах пражываючых у аддзяленні, медыцынскі персанал уважлівы і клапатлівы, не застаецца без увагі ніводная просьба, за што ім вялікі чалавечы дзякуй. Вольны час, якога тут даволі шмат, бавяць пражываючыя за размовамі і ўспамінамі, у холе ўстановы маецца тэлевізар, ёсць і невялічкая бібліятэка. Аднак, самае галоўнае для іх – адчуванне, што яны не адзінокія, не кінутыя і не забытыя.
Паўсядзённае жыццё пацыентаў бальніцы расфарбавалі яркімі колерамі госці, якія завіталі з салодкімі падарункамі, і землякі – калектыў “Лявоніха” гарадскога Дома культуры, у выкананні якіх прагучала некалькі заліхвацкіх песень. Шчаслівыя твары пражываючых гаварылі самі за сябе – няма нічога важней за клопат, дабрыню і спагадлівыя адносіны да родных, блізкіх, знаёмых і незнаёмых людзей.
Спяшайцеся рабіць добрыя справы, бо, як вядома, дабрыня, клопат і падтрымка – выратуюць свет.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.
Оставить комментарий