У першы працоўны дзень новага, 2025 года, калектыў лясгаса праводзіў на заслужаны адпачынак начальніка дрэваапрацоўчага цэха Сяргея Мікалаевіча Шарыгу.
Ва ўрачыстай, па-сямейнаму цёплай атмасферы ў адрас маладога пенсіянера гучалі словы ўдзячнасці за шчырую і бездакорную працу ад дырэктара ДЛГУ “Петрыкаўскі лясгас” Івана Торчыка, прафсаюзнага лідара ўстановы Міхаіла Герасіменкі, калег з дрэваапрацоўчага цэха. Цяпер ужо былыя калегі і падначаленыя жадалі Сяргею Мікалаевічу актыўнага адпачынку, падмацаваўшы пажаданні адпаведным падарункам, моцнага здароўя і сямейнага дабрабыту.
Па завяршэнні афіцыйнай часткі давялося пагутарыць з Сяргеем Мікалаевічам. Заслугоўваюць увагі і факты з асабістай біяграфіі нашага героя. Мужчына – ураджэнец горада Віхараўка Брацкага раёна Іркуцкай вобласці, у свой час бацькі героя пераехалі ва Усходнюю Сібір на бераг ракі Ангары. Пасля заканчэння школы наш герой паступіў у медыцынскае вучылішча ў горадзе Умань Чаркаскай вобласці. Нават тэрміновую вайсковую службу праходзіў у якасці радавога медыцынскай службы ў Забайкальскай ваеннай акрузе. Аднак адразу пасля дэмабілізацыі Сяргей Мікалаевія вырашае карэнным чынам змяніць прафесію і паступае ў Брацкі індустрыяльны ўніверсітэт па спецыяльнасці інжынер-тэхнолаг “Лесаінжынерная справа”. Пасля заканчэння ўніверсітэта мужчына некалькі гадоў адпрацаваў начальнікам лесанарыхтоўчых участкаў “Брацкае” і “Аўрора-К”.
У 1999 годзе Сяргей Мікалаевіч з сям’ёй – жонкай і двума дзецьмі, пераязджае ў Беларусь. Усё ж родныя бацькоўскія мяс-ціны, як шчыра прызнаўся суразмоўца, неадольна цягнулі да сябе. І 25 гадоў прафесійнага жыцця мужчына прысвяціў лясной галіне Петрыкаўшчыны. Згадвае, што за чвэрць стагоддзя работы ў ДЛГУ “Петрыкаўскі лясгас” займаў пасады вядучага інжынера па маркетынгу, вядучага інжынера па перапрацоўцы драўніны, начальніка аддзела прамысловай вытворчасці, вядучага інжынера гэтага ж аддзела, галоўнага інжынера ДЛГУ “Петрыкаўскі лясгас”, а апошнія 8 гадоў прафесійнай дзейнасці ўзначальваў дрэваапрацоўчы цэх.
Сяргей Мікалаевіч лічыць сябе шчаслівым чалавекам: а як іначай, стварыў моцную сям’ю, выгадаваў годных дзяцей, сёння радуюць сэрца і саграваюць душу ўнукі. Без перабольшання, і ў прафесійным плане ёсць чым ганарыцца: неаднаразова за вытворчыя паказчыкі мужчына быў ганараваны ўзнагародамі і падзячнымі лістамі рознага ўзроўню. Па словах калег і кіраўніцтва, Сяргей Мікалаевіч граматны спецыяліст з высокім узроўнем кваліфікацыі і каласальным вопытам у галіне. Ен добрасумленны працаўнік, уважлівы і ў той жа час патрабавальны кіраўнік.
Жадаем Сяргею Мікалаевічу ў новым статусе адчуць увесь смак жыцця, бавіць вольны час на карысць сям’і і знайсці нарэшце час для свайго любімага хобі.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий