Кацярына Ліцвін вядомая жыхарам Петрыкаўшчыны сваёй грамадскай дзейнасцю, актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Кацярына Іванаўна была адна з нямногіх жыхароў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай рэспублікі, каму пашчасціла праявіць свае лідарскія, арганізатарскія магчымасці ў Міжнародным лагеры “Артэк”. Набыты досвед за гады працы ў найбуйнейшым дзіцячым цэнтры, яна паспяхова прымяніла ў далейшым на сваёй малой радзіме. У свой час узначальвала раённую арганізацыю УЛКСМ, была адным з лідараў райкама КПСС. Пры яе садзеянні ўвасобіліся ў жыццё многія маладзёжныя і грамадскія ініцыятывы на Петрыкаўшчыне.
Нарадзілася мая гераіня ў пераможным маі 1945 года ў вёсцы Галубіца.
– Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне стала знамянальнай для кожнага савецкага чалавека: бацькі да апошняга свайго дня расказвалі мне, праз што прыйшлося прайсці людзям у час ліхалецця. Ды і нашу сям’ю акупанты не мінулі: два мае браты чатырнаццаці і пятнаццаці гадоў былі сагнаны ў Германію. Дзякуй Богу, засталіся жывымі, – успамінае жанчына. – У нашай сям’і выхоўвалася шасцёра дзяцей. Кругом была разруха, патрэбна было аднаўляць і ўладкоўваць быт. Сельская гаспадарка знаходзілася ў цяжкім стане. Бацькі мае працавалі ў мясцовым калгасе і, асабліва бацька, рабіў усё для яго адраджэння. Справа ў тым, што ў даваенны перыяд яго дзядзька стаяў ля вытокаў зараджэння калгаса, а тата першым падаў заяву на залічэнне ў гаспадарку.
Кацярына Іванаўна памятае: у тыя часы дарослым, старэйшым братам і сёстрам прыходзілася шмат працаваць на зямлі. Асноўны рацыён сям’і быў хлеб і бульба. Набыць у той час неабходнае было немагчыма, ды і сродкаў не было. Быў час, што ў дзяўчынкі мелася адна сукенка, і калі маці яе сцірала, малая чакала, пакуль адзенне высахне, каб выйсці на вуліцу. Яшчэ ў памяці засталася карціна: вялікі статак людскіх свіней, якіх дзеці выганялі на поле і пасвілі. Каб пракарміць сям’ю вяскоўцы актыўна разводзілі хатнюю гаспадарку. Яе бацька быў майстрам “на ўсе рукі”: рабіў сталы, бочкі, лавіў рыбу і быў паляўнічым. За кошт гэтага сям’я выжывала. Дзяўчынцы нават былі пашытыя валёнкі і торбачка хадзіць у школу. Жылі людзі ў згодзе, адзін аднаму дапамагалі, разам выбіраліся з цяжкага пасляваеннага часу.
– Вучылася я ў школе добра. З задавальненнем асвойвала навукі, а яшчэ з большым – удзельнічала ў грамадска карысных справах. Ужо ў тыя юныя гады мяне прыцягвала актыўнае жыццё: была ў ліку лепшых цімураўцаў, ленінцаў, камсамольцаў. Людзі старэйшага пакалення ведаюць і памятаюць, што ад вучня патрабавалі піянерскі гальштук на шыі, або камсамольскі значок на грудзі. Актыўнасць, адказнасць, бескарыснасць – былі асноўнымі якасцямі членаў грамадскіх арганізацый, – працягвае Кацярына Іванаўна. – Моладзь з’яўлялася ўсюды, дзе неабходна была дапамога. Прывяду адзін толькі факт: будучы дзесяцікласнікамі мы ўсё лета дапамагалі будаўнікам узводзіць новы будынак школы – насілі матэрыялы, мяшалі цэглу, ачышчалі тэрыторыю. Адным словам, хапала часу і энергіі на ўсё: і добрыя справы рабіць, і паспяхова закончыць школу.
Пасля атрымання атэстату наша зямлячка паступіла ў Мазырскі педагагічны інстытут на факультэт пачатковых класаў. Студэнцкае жыццё адкрыла ёй новыя магчымасці для рэалізацыі творчых і лідарскіх якасцеў. Яна стала ўдзельніцай маладзёжнага інструментальнага ансамбля. На той час Мазырскі інстытут падтрымліваў цесную сувязь з Чарнігаўскім і Навазыбскаўскім педагагічнымі інстытутамі. Такое цеснае сяброўства было сярод студэнцтва Беларусі, Украіны і Расіі. Ездзілі адзін да аднаго з канцэртамі, сустракаліся на спаборніцтвах. І сяброўства было моцнае, шчырае, надзейнае. Яшчэ адно сур’ёзнае захапленне ў тыя часы з’явілася ў дзяўчыны – лыжны спорт. Была членам інстытуцкай спартыўнай каманды і мела па дадзеным відзе спорту першы разрад. Канцэрты, спаборніцтвы, калектыўныя справы зрабілі яе вучобу насычанай цікавымі падзеямі і эмоцыямі. Нягледзячы на вялікую грамадскую загружанасць – у вучобе яна была таксама паспяховая.
– Пасля атрымання вышэйшай адукацыі лёс мне паднёс унікальны выпадак паспрабаваць свае арганізатарскія магчымасці на больш высокім узроўні, павучыцца ў другіх новым формам і метадам у рабоце. Будычы настаўніцай роднай Галубіцкай школы і сумяшчаючы пасаду піянерважатай, я даведалася, што ў Саюзе ідзе адбор на працу піянерважатых у лагер “Артэк” і адправіла заяўку. Праз час у Мінск прыехаў начальнік лагера і ўсіх жадаючых працаўладкавацца беларусаў запрасілі на сумоўе. У выніку сустрэчы адабралі пяць чалавек, у тым ліку і мяне, – расказвае жанчына. – Я думаю, што гэтаму пасадзейнічалі мая вышэйшая адукацыя і дасягненні ў грамадскай дзейнасці, спорце. Ішоў 1969 год. Артэк у той час ужо стаў унікальным “дыпламатычным” цэнтрам, дзе праходзілі міжнародныя юнацкія і мала-дзёжныя канферэнцыі і фестывалі. Галоўны лагер Савецкага саюза шмат чаму мяне навучыў у плане работы з людзьмі.
Праз два гады працы ў Артэку Кацярыне Іванаўне давялося суправаджаць да Гомеля з аздараўлення групу дзяцей. Менавіта тады яе выклікаў да сябе першы сакратар абласнога камітэта камсамола і прапанаваў узначаліць камсамольскую арганізацыю на Петрыкаўшчыне. Яна згадзілася, бо ўжо была немаладая маці і прысутнасць дома дачкі была пажаданай.
– Пяць гадоў на дадзенай пасадзе сталі незабыўнымі. Я прыехала з Артэку і прывезла новыя віды дзейнасці, якія з дапамогай актывістаў, укараняліся ў жыццё ўстаноў адукацыі раёна. Ніколі не забуду радасць, калі нам удалося на базе Мышанскай воінскай часці адкрыць лагер для цяжкіх падлеткаў. Я асабіста займалася рэалізацыяй гэтай задумы, была падключана раённая вертыкаль улады, генеральскі склад. Такой практыкі мала было дзе ў Беларускай ССР, – дзеліцца суразмоўца. – Успамінаю сямідзясятыя гады, калі ў гарадскім парку ўсталёўвалі помнік Мікалаю Чаламу. Камсамольцы ад пачатку да канца аказвалі дапамогу камандзе са сталіцы. А з архітэктарам я была кожны дзень на сувязі ў плане аказання дапамогі. Уздым і настрой моладзі на рэалізацыю спраў быў неверагодны.
Праз шэсць гадоў працы з моладдзю лідару камсамольскай арганізацыі прапанавалі пасаду інструктара аддзела прапаганды ў райкаме партыі. І гэта было заканамерна. Яна пасталела, маладзёжны рух у раёне быў наладжаны, яе чакалі новыя задачы ад партыі, якія павінны быць выкананы годна. У жыццё ўвайшлі партыйныя сходы, камандзіроўкі па арганізацыях, прадпрыемствах Петрыкаўшчыны і за яе межамі. Яна адказвала за партыйнае выхаванне членаў калектываў, неабходную ідэалагічную складаючую насельніцтва.
Праз два гады працы на новай пасадзе яна стала маці, што паслужыла свайго роду перапынкам у актыўнай грамадскай дзейнасці.
– Пасля дэкрэтнага адпачынку я звязала сваё жыццё з адукацыяй. Ранейшая пасада патрабавала частых камандзіровак і адлучак у вячэрні час, а дома чакала дачка. Але лёгкіх шляхоў мне не выпала. Прайшла шлях настаўніка вясковай школы, загадчыка аднаго з гарадскіх садкоў, намесніка, а пасля дырэктара вучылішча лёгкай прамысловасці закрытага тыпу. Да працы адносілася адказна, заўсёды была ініцыятарам нечага новага ў выхаванні падрастаючага пакалення, – прызнаецца зямлячка.
Усё лепшае жанчына прывіла і сваёй дачцэ, якая выбрала для сябе эканамічную адукацыю, вырасла цудоўным чалавекам. Радуюць яе сваёй цягай да вучобы ўнукі: старэйшы – студэнт, вучыцца на падвышаную стыпендыю, малодшы – яшчэ навучэнец школы і радуе родных добрымі баламі ў дзённіку.
Кацярына Іванаўна прайшла не просты, але годны шлях лідара грамадскіх арганізацый, педагога, чалавека, чый асабісты прыклад, натхняў землякоў на здзяйсненне карысных спраў. Не змяняе сваёй пазіцыі жыхарка раёна і сёння: яна ўдзельнік аб’яднання “Сярэбраны ўзрост” пры Петрыкаўскім ТЦСАН, член ветэранскай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі. Яе можна сустрэць на спаборніцтвах, убачыць на сцэне, заўважыць у бібліятэцы і музеі.
– Я шчаслівая жанчына і люб-лю жыццё ва ўсіх яго праявах. Радуюся кожнаму дню, кожнай сустрэчы з роднымі і сябрамі, – падзялілася напрыканцы размовы зямлячка. – А яшчэ, усё жыццё я прытрымліваюся прынцыпу: якія б не выпадалі на долю выпрабаванні, ніколі нельга змяняць сабе, адступацца ад святога – бацькоў, дзяцей, Радзімы. Я ўпэўнена, так думаюць усе мае суайчыннікі.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий