У Беларусі з 12 па 17 мая праходзіць рэспубліканская акцыя “Разам – за моцную і здаровую сям’ю”.

На Петрыкаўшчыне акцыя стартавала шэрагам мерапрыемстваў, адно з якіх адбылося на базе Петрыкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Дыялогавая пляцоўка “Роля сям’і ў сучасным грамадстве і жыцці кожнага дзіцяці” сабрала бацькоў, спецыялістаў аховы здароўя, аддзела адукацыі, тэрытарыяльнага цэнтра, сацыяльна-педагагічнага цэнтра, работнікаў Беларусбанка, цэнтральнай раённай бібліятэкі. Першае з пытанняў, якое было вынесена на абмеркаванне – мікраклімат у сям’і і яго ўплыў на стан дзіцяці. Было адзначана, што мікраклімат сям’і вызначаецца ў значнай ступені характарам узаемаадносін, у першую чаргу – бацькоў. Разлад дарослых наносіць шкоду настрою дзіцяці, яго працаздольнасці, узаемаадносінам з аднагодкамі. Прысутным на мерапрыемстве мамам былі прапанаваны практычныя рэкамендацыі па стварэнні і захаванні спрыяльнага клімату ў сям’і: гаварыць пра сваю любоў да дзіцяці, часцей яго абдымаць, памятаць пра тое, што дзеці наша адлюстраванне.


Узнімалася тэма сацыяльна-небяспечнага становішча, бо сям’я можа выступаць у якасці як станоўчага, так і адмоўнага фактару ў выхаванні. Па стане на 1-е мая 2025 года на тэрыторыі раёна пражывае 90 непаўналетніх з 42-ух сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Ужо ў бягучым годзе 9 непаўналетніх з 2-х сем’яў былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і адабраны ў бацькоў на 6-ць месяцаў. У адносінах да 7-мі дзяцей з адной сям’і бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў. У дачыненні да 4-ох бацькоў з 2-х сем’яў у суд Петрыкаўскага раёна пададзены дакументы аб пазбаўленні іх бацькоўскіх правоў. Гэта дастаткова высокія паказчыкі па раёне на сённяшні дзень.


Кожнае дзіця марыць мець сям’ю. На жаль, ёсць дзеці, пазбаўленыя любові і ўвагі самых блізкіх. У Петрыкаўскім раёне 100 дзяцей-сірот або якія засталіся без апекі бацькоў. Ці можна замяніць маму? Адказ адназначны: маму замяніць нельга. Але калі дзіця жыве і выхоўваецца ў неадпаведных умовах, даводзіцца шукаць іншыя варыянты далейшага ўстройства дзіцяці. На мерапрыемстве гаварылі аб працэдуры ўсынаўлення, пра прыёмныя і апякунскія сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, форму патранатнага выхавання. Акцэнт быў зроблены на тым, што толькі ва ўмовах сямейнай атмасферы – і няхай сям’я не будзе біялагічнай, але затое паміж яе членамі будуць панаваць узаемапавага і любоў, дзіця зможа выпрацаваць неабходнае ўяўленне аб сям’і.


У час дыялогу адзначалася, што важна мець сямейныя традыцыі і каштоўнасці, якія будуць збліжаць родных і дазволяць больш часу праводзіць разам. Гэта могуць быць сямейныя святы, сумесныя паездкі, чытанне кніг услых, прагляд тэлеперадач, заняткі спортам. У сям’і дзіця спазнае свет, і якім яно будзе, залежыць ад дарослых.
У час работы экспертаў была акцэнтавана ўвага на тым, што ў Рэспубліцы Беларусь падтрымка сям’і з’яўляецца нацыянальным прыярытэтам. Для гэтых мэт рэалізуецца комплекс мер з асаблівым акцэнтам на шматдзетныя сем’і.


Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о