З 26 па 31 студзеня на тэрыторыі Гомельскай вобласці праходзіць прафілактычная акцыя “Дзіцячы тарыф: бяспечна і зручна!”, якая накіравана на павышэнне бяспекі перавозкі непаўналетніх, папярэджанне і зніжэння цяжкасці ДТЗ з удзелам дзяцей-пасажыраў, а таксама прапаганду выкарыстання дзіцячых утрымліваючых прылад.
Па інфармацыі часова выконваючага абавязкі начальніка АДАІ Аляксандра Губара, у мінулым годзе ў Гомельскай вобласці з удзелам непаўналетніх зарэгістраваны 63 дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх 4 дзяцей загінулі, 3-е з якіх з’яўляліся пасажырамі.
– Дзяржаўтаінспекцыя нагадвае, што перавозка дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў у легкавым аўтамабілі павінна ажыццяўляцца з абавязковым выкарыстаннем дзіцячага аўтакрэсла, якое адпавядае вазе і росту дзіцяці.
Дзяцей ад 5 да 12 гадоў неабходна перавозіць з выкарыстаннем утрымліваючых прылад або іншых сродкаў (бустэраў, спецыяльных падушак для сядзення, дадатковых сядзенняў), якія дазваляюць бяспечна прышпіліць дзіця з дапамогай рамянёў бяспекі, прадугледжаных канструкцыяй транспартнага сродку. Пры гэтым важна правільна зафіксаваць дзіця рамянём бяспекі: дыяганальны рамень павінен праходзіць праз плячо і грудную клетку і не саслізгваць на шыю, – нагадаў праваахоўнік.
Што да адказнасці, то, па інфармацыі Аляксандра Губара, за невыкарыстанне дзіцячай утрымліваючай прылады ў выпадках, калі яна абавязкова, прадугледжаны штраф у памеры да 4 базавых велічынь. У выпадку паўторнага парушэння на працягу года – штраф ад 2 да 8 базавых велічынь.
Паважаныя бацькі, памятайце: жыццё і здароўе дзіцяці залежаць толькі ад вас!
Галіна КАЗАК.







Оставить комментарий