Сёлета лёд на Прыпяці і яе прытоках стаў сапраўдным выпрабаваннем для падводных насельнікаў. Каб прадухіліць зімовы замор рыбы, адказнымі службамі на гэтым тыдні быў арганізаваны маштабны экалагічны рэйд.

“Дыханне ракі”: ратуем рыбу разам

Разам з інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, работнікамі выратавальнай станцыі ТВВод і супрацоўнікамі РАНС адправіліся ў рэйд па рэчышчы Прыпяці.
Да справы падышлі максімальна адказна: вызначылі самыя ўразлівыя ўчасткі, прасеклі дзясяткі лунак і майн, далі рацэ “дыхаць”, забяспечыўшы доступ кіслароду пад лёд.
– З-за моцных маразоў на рэках і азёрах утварыўся шчыльны пласт лёду, які блакуе доступ кіслароду да вады. Каб рыба не задыхнулася, у перыяд адлігі, штогод праходзіць экалагічная акцыя “Робім лункі – ратуем рыбу”. Асаблівая ўвага ў гэты перыяд надаецца пойменным вадаёмам ракі Прыпяць, якія найбольш схільныя да зімовых замораў. Удзел ратавальнікаў МНС і ТВВод у акцыі гарантуе бяспеку правядзення работ на лёдзе і дазваляе заадно нагадаць рыбакам аб правілах паводзін на зімовых вадаёмах, – пазначыў начальнік інспекцыі Ігар Зянкевіч.
Эколагі заклікаюць усіх рыбаловаў-аматараў не заставацца ўбаку і пры кожным выездзе на лёд свідраваць некалькі дадатковых лунак для “дыхання” ракі.
Падобныя акцыі важныя, бо яны не толькі прадухіляюць прамую шкоду экасістэмам, але і фарміруюць культуру адказнага спажывання. Мы заклікаем грамадзян да актыўнага ўдзелу: экалагічная бяспека пачынаецца з асабістай адказнасці кожнага.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о