Духоўнае ачышчэнне і ўдар па арганізме

0
550

Кожная хвіліна, праведзеная ў ледзяной купелі – гэта супрацьстаянне паміж духоўным ачышчэннем і ўдарам па арганізме. Як нырнуць у палонку, каб не нашкодзіць здароўю, і чаму выратавальнікі настойліва просяць не мачыць галаву – чытайце ў нашым матэрыяле.

Дзяжурства прадстаўнікоў РАНС, РАУС, медыкаў і ТВВод на месцах для Вадохрышчанскіх купанняў з’яўляецца абавязковай умовай бяспекі.
Некалькі парад ад тых, хто стаіць на варце нашага здароўя.
Па словах намесніка начальніка РАНС Аляксандра Карпінскага, акунацца трэба ў спецыяльна абсталяваных палонках, купелях у прысутнасці выратавальнікаў. Перад купаннем неабходна разагрэць цела, зрабіць размінку і лёгкую прабежку.
Да палонкі неабходна падыходзіць у зручным, няслізкім абутку, які пры гэтым лёгка здымаецца.
– Ідучы да палонкі, памятайце, што дарожка можа быць слізкай, таму неабходна перасоўвацца павольна і ўважліва. Акунацца лепш за ўсё па шыю, не замачыўшы галаву, каб пазбегнуць рэфлекторнага звужэння сасудаў галаўнога мозга. Не варта ныраць у палонку наперад галавой, – падкрэсліў Аляксандр Карпінскі.
Скачкі ў ваду і апусканне ў ваду з галавой не рэкамендуюцца, бо гэта павялічвае страту тэмпературы і можа прывесці да шоку ад холаду. Пры ўваходзе ў ваду неабходна паспрабаваць хутка дасягнуць патрэбнай вам глыбіні. Не рэкамендуецца плаваць. Неабходна памятаць, што лядзяная вада можа выклікаць пачашчэнне дыхання.
Не рэкамендуецца знаходзіцца ў купелі больш за адну хвіліну, каб пазбегнуць агульнага пераахаладжэння арганізма. Пасля купання неабходна расцерці цела ручніком і апрануць сухое адзенне.
– Катэгарычна забараняецца купацца ў стане алкагольнага ап’янення, ныраць, падаваць крыкі ілжывай трывогі, забруджваць і засмечваць водныя аб’екты і берагі, прыводзіць з сабой сабак і іншых жывёл, збірацца групамі на лёдзе ля краю палонкі, заходзіць за агароджу – нагадаў начальнік выратавальнай станцыі Алег Паўлючок.
Пра правілы бяспекі ў халодны перыяд расказаў намеснік галоўнага ўрача Ілья Абель.
– У першую чаргу, выбірайце правільнае адзенне. Гэта павінна быць зручны абутак з плоскай падэшвай і шматслаёвае адзенне. Неабходна абараняць адкрытыя часткі цела: рукі, твар, вушы, найболей схільныя да абмаражэння. Дзяўчатам і жанчынам раю адмовіцца ад нашэння абцасаў, – распавёў Ілья Сяргеевіч. – Пажадана выкарыстоўваць спецыяльныя ахоўныя крэмы ад марозу, калі плануеце знаходзіцца працяглы час на вуліцы.
– Пры акунанні ў палонку важна разумець, што бяспечна акунуцца ў ледзяную ваду, без наступстваў могуць толькі здаровыя людзі, якія метадычна, планамерна рыхтаваліся да гэтага, гартаваліся. Усім астатнім, непадрыхтаваным ці падрыхтаваным недастаткова, варта падыходзіць да гэтай працэдуры свядома, – звярнуў увагу намеснік галоўнага ўрача.
У зоне рызыкі – людзі з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі, захворваннямі нервовай эндакрыннай сістэмы. Ім варта вельмі добра падумаць, а лепш пракансультавацца са сваім урачом, які, улічваючы цяжар захворвання, верагодней за ўсё прапануе адмовіцца ад акунання.
Каму сапраўды не варта акунацца, дык гэта маленькім дзецям, цяжарным жанчынам і састарэлым людзям.

Запісала Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о