Даўно вядомы выраз пра тое, што праца надае высакароднасць, мае пад сабой усе падставы. Летнія канікулы для навучэнцаў сярэдняй школы №1 горада Петрыкава праходзяць не толькі весела, але і з карысцю.
Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Петрыкаўскага райвыканкама штогод арганізуе ў перыяд канікул часовую працоўную занятасць моладзі, якая навучаецца ва ўстановах адукацыі. Фінансуецца такая занятасць за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь.
Удзельнічаючы ў праекце другаснай занятасці, дзяўчаты першай гарадской школы атрымліваюць унікальную магчымасць паспрабаваць сябе ў прафесіі швяі. Яны займаюцца шыццём пасцельнай бялізны для групы падоўжанага дня. Гэты від дзейнасці не толькі дазваляе падлеткам цікава правесці вольны час, але і дорыць ім каштоўны вопыт, які спатрэбіцца ў будучыні. Акрамя таго, дзяўчаты маюць магчымасць зарабіць свае першыя грошы, што надае іх летнім канікулам асаблівую значнасць.
– Такі падыход да летняга адпачынку фарміруе ў моладзі працавітасць і адказнасць, а таксама дапамагае развіваць творчыя навыкі і навыкі працы ў камандзе, – распавядае Наталля Юркавец, настаўнік працоўнага навучання. – З заданнем дзяўчынкі паспяхова спраўляюцца. Працуюць зладжана, дружна, разумеюць, што іх праца да таго ж будзе добра аплачана.
З 16 па 27 чэрвеня 10 навучэнцаў 8-9 класаў прымуць удзел у праекце другаснай занятасці.
Працуюць яны з 9.30 раніцы да 13 гадзін з перапынкам на 30 хвілін.
Летась дзяўчаты шылі танцавальныя спадніцы для школы, сёлета – пасцельную бялізну.
Варта адзначыць, што праект другаснай занятасці ў першай гарадской школе будзе рэалізоўвацца таксама ў жніўні для хлопчыкаў, а на восеньскіх канікулах – для хлопчыкаў і дзяўчынак.
Другасная занятасць – гэта не толькі матэрыяльная падтрымка для моладзі, але і выхаванне, і сацыяльная адаптацыя, падрыхтоўка маладых людзей да самастойнай працоўнай дзейнасці.
Марыя ТАМКО, фота аўтара.
Оставить комментарий