Мерапрыемствы ў гонар юбілейнай даты праходзілі ў горадзе над Сожам на працягу ўсяго мінулага тыдня. Асабліва ўрачыстымі сталі святкаванні ў мінулыя выхадныя.
Кіраўніцтва вобласці, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аргані-зацый, дэлегацыя Расійскай Федэрацыі сабраліся на мітынг на Алеі Герояў. Прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання, усклалі кветкі і вянкі да манумента. У выступленнях аратараў адзначалася: жыхары Гомельшчыны заўсёды будуць памятаць пра тое, якую бяду прынесла вайна і будуць перадаваць памяць пра яе з пакалення ў пакаленне.
У грамадска-культурным цэнтры ў гонар падзеі адбылася ўрачыстая цырымонія. Старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў нагадаў прысутным гістарычную хроніку і цану Перамогі над ворагам. Па выніках Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі 17 воінаў былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. У баях за горад аддалі жыццё 21650 байцоў, камандзіраў, палітработнікаў. Больш за 66 тысяч воінаў атрымалі раненні. Бітва за Гомель паклала пачатак вызваленню тэрыторыі БССР, стаўшы сімвалам выдатнага подзвігу Савецкага народа. Уладзімір Аляксандравіч адзначыў: у даваенным Гомелі пражывала 117 тысяч чалавек, пасля вызвалення – усяго 8. Горад падчас вайны быў разбураны на 80%.
Да памятнай даты на заводзе “Крыштал” распрацаваны і выпушчаны сярэбраны знак “80 гадоў вызвалення Гомеля”, на якім размешчана выява першага ў горадзе танка Т-34 – сімвала Вялікай Перамогі. На цырымоніі знакам узнагароджаны ветэраны вайны, прадстаўнікі розных сфер дзейнасці, вядомыя людзі вобласці. Многім з іх зала апладыравала стоячы.
Сярод узнагароджаных – ганаровы госць, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай федэрацыі ў Беларусі Барыс Грызлоў, які павіншаваў прысутных з гадавінай вызвалення горада над Сожам, адзначыў значнасць падзеі і неабходнасць захавання гістарычнай памяці. Пасол таксама звярнуў увагу, што ўжо выйшаў першы том з серыі “Кніга Памяці. Рэспубліка Беларусь”, прысвечаны юбілею вызвалення Гомельшчыны. У ім сістэматызаваныя дадзеныя пра пахаванні салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, партызан і мірных жыхароў у гады вайны. У серыю ўвойдуць яшчэ пяць тамоў – кнігі, дзе будуць змяшчацца адпаведныя звесткі пра іншыя вобласці краіны. Палітык адзначыў, што расіяне разам з беларусамі схіляюць галовы ў памяць аб загінуўшых на палях бітвы.
Патрыятычная акцыя “На шляху да Перамогі” працягвае крочыць па краіне. Нагадаем, што акцыя стартавала ў верасні бягучага года па ініцыятыве Гомельскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь”. Павялічаная копія Сцяга Перамогі перадаецца ў населеныя пункты вобласці ў храналагічным парадку іх вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1943-1944 гадах. У нядзелю, 26 лістапада Сцяг Перамогі, падчас урачыстага мітынгу ля Вечнага агню на плошчы Працы, Гомель перадаў Буда-Кашалёву.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота “ГП”.
Оставить комментарий