Здараюцца такія рэпартажы, калі ты ўжо ведаеш свайго героя і яшчэ напярэдадні хвалюешся ад будучай сустрэчы. Так было і на гэты раз: я крочу да былога дырэктара роднай першай гарадской школы, свайго класнага кіраўніка і чалавека, які, пэўным чынам, вызначыў мой лёс, бо праз некалькі хвілін сустрэнуцца не толькі настаўнік і вучань, але і два гісторыка.

Уладзіміра Гарошку добра ведаюць хіба не ўсе гараджане. Для часткі петрыкаўчан 30-ці – 50-ці-гадовага ўзросту ён, пэўна, і зараз застаецца кіраўніком іх школы. Здаецца, гэты чалавек з тых часоў зусім не змяніўся: бадзёры, з хітраватай усмешкай сапраўднага палешука, мужчына памятае кожнага вучня. А, між іншым, 4 мая Уладзімір Васільевіч адзначыў сваё 75-годдзе.

Мы ўладкоўваемся на канапе ў зале яго ўтульнай кватэры. Пачынаецца гутарка. Суразмоўца сакавіта, разважліва, у дэталях апавядае пра дзяцінства і родныя мясціны:
– Я ўраджэнец вёскі Малыя Сялюцічы, што была спаленая ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мы – дзеці пасляваеннага пакалення, дзеці салдат і партызанаў, што яшчэ не ўмеючы чытаць, ведалі пра часы ліхалецця з першых вуснаў. І гульні нашы былі адпаведнымі: у партызанаў, воінаў Чырвонай Арміі і немцаў. У тыя часы ў невялікай вёсачцы было чатыры вуліцы са свойскімі назвамі: Гара, Кут, Пасёлак, Глушанка.

Дзяліліся па раскладзе, каб нікому не было крыўдна – адзін тыдзень дзеці з дзвюх вуліц былі ў ролі захопнікаў, другі тыдзень – астатнія. Мы будавалі зямлянкі і курані, капалі акопы, каб падрыхтавацца да штурму “ворага”. Словам, усё рабілі згодна з расказамі дарослых пры тыя страшныя часы. Узімку гульні крыху змяняліся – рэвалюцыянеры змагаліся супраць жандармаў царызму.

З маленства мы выхоўваліся ў атмасферы пашаны да працы. Дапамагалі бацькам у побытавых і гаспадарчых справах. Мой дзед зрабіў мне невялікую касу, з якой я ладна ўпраўляўся ўжо ў першым-другім класе. А калі мне было 5 гадкоў, я стаў сведкам падзей, што засталіся ў памяці самымі яскравымі ўспамінамі – памёр Сталін. Людзі сышліся да цэнтру вёскі, мужчыны былі апрануты парадным чынам, на грудзях іх зіхацелі медалі, жанчыны ціха плакалі. Я тады спытаў: “Хто такі Сталін?”, – на што мне патлумачылі, што гэта правадыр савецкага народу, галоўны чалавек дзяржавы, што перамагла ў Вялікай Айчыннай вайне. Мне было неяк няёмка за сваю недасведчанасць і тады я папрасіў у бацькоў буквар, каб навучыцца чытаць і атрымліваць з таго веды, як усе дарослыя, – узгадвае Уладзімір Гарошка.

У школу, што ўяўляла сабой пакой у палову хаты сельскага брыгадзіра, Валодзя пайшоў ужо пісьменным. Пасля атрымання пачатковай адукацыі за ведамі дзеці хадзілі ўжо ў Вялікая Сялюцічы. Дарога, працягласцю ў два з паловай кіламетры, праходзіла праз пяскі і балоты. “Неяк нехта з аднагодак наўмысна чыркануў упоперак балоцістай сцяжынкі абцасам, а на наступны дзень у нізіне на нашым шляху ўжо з’явілася шырачэзная ручаіна. З разлікам на тое, што паход у школу адмяняецца, мы вярнуліся ў вёску. Але бацькі, відаць, разумеючы нашу задуму, адправілі гора-школьнікаў у абыход: маўляў, не хацелі ісці два з паловай кіламетры – крочце ўсе пяць”, – дзеліцца Уладзімір Васільевіч.

У школе хлопец навучаўся добра, яго партрэт займаў пачэснае месца на дошцы гонару навучальнай установы. Пасля 8-мі класаў можна было ўжо атрымліваць прафесію. Дзядзькі Уладзіміра, якія працавалі ў лясной галіне, пераканалі юнака абраць адпаведную спецыяльнасць у Полацкім лясным тэхнікуме. Хлопец парадай скарыстаўся, вытрымаў іспыты і год добрасумленна спасцігаў акалічнасці прафесіі, але ўрэшце свядома адзначыў для сябе: не ляжыць душа. “Разумееце, я з дзяцінства назіраў за сваім бацькам-настаўнікам. Мы разам, за дзвюма керасінавымі лямпамі сядзелі за сшыткамі, я выконваў дамашняе заданне, а ён правяраў работы вучняў. Напэўна, навучанне ў Полацку толькі падштурхнула мяне да свядомага выбару далейшага свайго лёсу”.

Дакументы аддаваць не хацелі, прыйшлося наўпрост перабрацца ў родныя мясціны і наведваць ужо Капцэвіцкую сярэднюю школу, каб адміністрацыя тэхнікума даслала мае паперы па пошце.
– Літаральна ў тым жа 64-м годзе годзе распачало падрыхтоўку настаўнікаў Лоеўскае педагагічнае вучылішча, куды паступіла мая сястра. Яе расказы пра навучанне яшчэ больш падштурхоўвалі мяне да жыццявызначальнага кроку. Урэшце, я паступіў і вельмі ўдзячны сваім педагогам: выкладанне было на вышэйшым узроўні: мы авалодалі ўсімі патрэбнымі методыкамі навучання. Мяркуйце самі, цэлы год, апрача іншага, студэнты займаліся чыстапісаннем, па сканчэнні вучылішча кожны педагог пачатковых класаў павінен быў умець граць на музычным інструменце, – распавядае юбіляр.

Затым была праца па размеркаванні на Вілейшчыне, потым тэрміновая служба з ганараваннем нагруднымі знакамі “Выдатнік Савецкай Арміі”, і “Выдатнік баявой і палітычнай падрыхтоўкі” і занясеннем у кнігу гонару вайсковай часці. Пасля дэмабілізацыі накіраваўся ў родныя мясціны, дзе спачатку працаваў загадчыкам Муляраўскай пачатковай школы, потым настаўнікам матэматыкі 4-х – 5-х класаў у Курыціцкай школе. Менавіта тут Уладзімір Гарошка сустрэў спадарожніцу жыцця – старэйшую сястру сваёй вучаніцы, якая тады была студэнткай. Паралельна ішло і атрыманне вышэйшай адукацыі па спецыяльнасці “Настаўнік гісторыі” на завочным факультэце БДУ.

У курыціцкай гаспадарцы “Бальшавік” стаўленне да работы і кемлівасць маладога спецыяліста заўважылі, прапанавалі весці сярод моладзі гурток “Наш ленінскі камсамол” і неўзабаве настаўнік стаў кандыдатам у члены камуністычнай партыі, куды Уладзіміра Гарошку прынялі ў снежні 1976 года.

Дазвольце Вас павіншаваць, Уладзімір Васільевіч
З вучнямі Курыціцкай школы

– Пасля нарады ў Петрыкаўскім райкаме мяне запрасілі застацца і прапанавалі пасаду інструктара арганізацыйнага аддзелу. Скажу шчыра, мая работа мне падабалася і была зразумелай, але спакусіла прапанова жылля: праз паўгады абяцалі кватэру ў Петрыкаве. У выніку я даў згоду.

Я курыраваў работу 13-ці партыйных арганізацый і камсамольскага руху раёна: вызначаць кандыдатаў на ўступленне ў партыю, складаць рэзерв кадраў, падтрымліваць сувязь з прадстаўнікамі сельскагаспадарчых навучальных устаноў і дапамагаць ім у прафарыентацыйнай дзейнасці. Вядома, трэба было добра ведаць людзей, іх здольнасці і патэнцыял. З работы я вяртаўся часцяком позна ўвечары, але гэта была выдатная школа жыцця.

У 84-м годзе мне прапанавалі пасаду дырэктара першай гарадской школы. Дагэтуль установай адукацыі кіраваў Леў Шуман, але абставіны па шэрагу незалежных прычын склаліся ў такую карціну, што патрабавала тэрміновых змен. Я ў сваю чаргу атрымаў магчымасць займацца педагогікай, да якой ляжала душа, ды і не супраць быў змяніць бясконцыя камандзіроўкі па раёне на больш-менш нарміраваны працоўны графік. Разумееце, я не вяду зараз гаворку пра нейкую фізічную цяжкасць, хутчэй гэта пра маральную заспакоенасць: які мужчына і бацька адмовіцца ад магчымасці праводзіць вечары разам з жонкаю ды дзецьмі, – з лёгкай усмешкай распавядае Уладзімір Васільевіч.

Калектыў падабраўся добры, дапамагалі ў працы аднаму з самых маладых дырэктараў раёна кемлівыя завучы. Уявіце сабе, у школе было ў часы дэмаграфічнага піку да 39-ці класаў, каля 70-ці педагогаў, і 30-ці працаўнікоў тэхнічнага персаналу! Не дзіва, што даволі востра стаяла гаспадарчае пытанне. Кацельня, водаправод і іншыя аб’екты знаходзіліся на абслугоўванні ўстановы адукацыі. “З аднымі толькі качагарамі колькі было клопату напачатку. Як не шукай, з кім не дамаўляйся, а хоць адзін, а звычайна болей такіх работнікаў злоўжывалі алкагольнымі напоямі. Таму, асабліва ў дзень заробку ці авансу, прыходзілася іх наведваць: зіма, дзве гадзіны ночы, толькі Месяц свеціць, а я крочу да школы. Здаралася і так, што не паспяваў наведаць работніка ў прытомным стане: спіць сабе “спецыяліст” хмяльным сном на катле, на якім тэмпература ледзь дасягае 30-ці градусаў”.

Спатрэбіліся знаёмствы з кіраўнікамі прадпрыемстваў, балазе, дзеці многіх навучаліся ў школе, таму кіруючыя асобы ведалі патрэбы і праблемы ўстановы адукацыі, дапамагалі чым маглі. У навучальным працэсе выдатна працаваў педагагічны калектыў, які суразмоўца згадвае самымі цёплымі словамі. Ды і школьнікі былі вельмі схільныя да вучобы, установа адукацыі літаральна грымела на алімпіядах. Яно і не дзіва: дзецям ракетчыкаў, што служылі ў ваеннай часці бліз Муляраўкі, сорам было не ведаць дакладныя навукі. Таму канкурэнцыю вучням першай школы па матэматыцы і фізіцы складалі толькі навучэнцы з Мышанкі. Тое ж самае, вядома, назіралася і ў спорце, ваеннай падрыхтоўцы.

Установа адукацыі адной з першых у раёне стварыла профільныя класы ў 94-95 навучальным годзе.
Ішоў і змяняўся час. Урэшце Уладзімір Гарошка вырашыў пакінуць кіруючую пасаду і, нарэшце, даведацца, што такое настаўніцкі працоўны адпачынак у 56 дзён. Праз пэўны час, у 2008 годзе выйшаў на пенсію: як раз прыгледзеў хатку на беразе затокі Бычок, узяўшы крэдыт, набыў гэты падворак. Кажа, што з вышыні пражытых гадоў зразумеў: падоўжыць жыццё, радавацца кожнаму дню можна толькі шчырай стваральнай працай, таму варта, каб адпачынак быў стваральным.

Апрача зацікаўленасцю гісторыяй, палітычнымі навінамі з’явілася яшчэ адно захапленне: садаводства. Я паглядаю на саджанцы перцаў, што стаяць на падаконніку. Пра такія ў нас кажуць “сцябліна з палец”, і прыемна здзіўляюся, калі становіцца вядома, што іх вырошчвае суразмоўца. На вуснах Уладзіміра Васільевіча з’яўляецца ў чарговы раз усё тая ж непадуладная часу ўсмешка: “А правільна кажа наш Прэзідэнт, Аляксандр Рыгоравіч: паперад, каб за нешта ўзяцца – вывучы тэхналогію! Вось і ў мяне з’явілася, так бы мовіць, настольная кніга “Сад і агарод”. Я яе вывучыў, раблю ўсё як след, і нядрэнна атрымліваецца”.

Днямі сям’я Уладзіміра Васільевіча будзе адзначаць юбілей, на свята завітаюць двое дзяцей, трое унукаў і ўнучка.
Перад развітаннем я задаю апошняе пытанне: “Як жыць нам, маладому пакаленню?”. Мой настаўнік адказвае: “Шчыра скажу, Арцём, цяжка адказаць… Эпоха так імкліва змяняецца, што, магчыма, нашыя арыенціры для вас ужо не будуць здавацца актуальнымі. Але, думаю, галоўныя чалавечыя каштоўнасці, як то шчырасць, дабрыня, справядлівасць, адказнасць ва ўсе часы павінны перамагаць нянавісць, зайздрасць, жорсткаць і абыякавасць як ў гарамадсве ўвогуле, так і ў кожным чалавеку”.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о