Сёння адзначаецца сусветны Дзень дарэння кніг. Галоўная ідэя свята – паказаць, што па-ранейшаму кніга – добры падарунак і не губляе сваёй каштоўнасці нават у час інфармацыйных тэхналогій. “Лепшы падарунак – гэта кніга” – ці згодны з гэтым выказваннем землякі?
Галіна Кажаноўская, жыхарка аграгарадка Грабаў:
– На мой погляд, кніга не страціла сваёй актуальнасці, яна па-ранейшаму здольная шмат чаму навучыць, развіць фантазію, абудзіць інтуіцыю. Многія людзі, як і раней, жадаюць атрымаць такі падарунак. Я заўсёды з радасцю прымала такі прэзент. З асабліва запамінальных – “Энцыклапедыя”, у якой сабраны цікавы матэрыял пра навакольны свет. Паколькі я скончыла ў свой час біялагічны факультэт Гомельскага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, падарунак быў і застаецца для мяне каштоўным і карысным. І зараз з задавальненнем гартаю старонкі выдання.
Быў такі падарунак і зусім нядаўна. Зямлячка падарыла мне “Залатыя правілы народнай культуры”, аўтараў Аксаны Катовіч і Янкі Круга. Між іншым, адзін з аўтараў прыязджаў да нас у аграгарадок, сустракаўся з насельніцтвам для збору фальклорнага матэрыялу. Даводзілася і мне дарыць кнігі, звычайна гэта былі раманы.
Трэба прызнаць, што сёння такія падарункі крыху выйшлі з “моды” і гэта сумна. Калі раней у вольны час сядзелі з кнігамі ў руках, то цяпер усё больш гэта электронная прылада. Хіба можа замяніць шолах старонак чытанне з планшэта ці іншага гаджэта. На пастаўленае пытанне адкажу так: кніга – гэта адзін з лепшых падарункаў. Трэба гэта разумець і шанаваць.
Алена Стэфняк, жыхарка Петрыкава:
– Зыходзячы з досведу, я работнік раённай цэнтральнай бібліятэкі, адкажу на пытанне станоўча: кніга – лепшы падарунак. Дарэнне кніг сярод жыхароў Петрыкаўшчыны – традыцыя не забытая. На шчасце, яшчэ вельмі шмат дарослых людзей разумеюць і шануюць кнігу як прадмет не толькі матэрыяльнай, а ў першую чаргу духоўнай каштоўнасці, шануюць тыя пачуцці і эмоцыі, якія дорыць чытачу аўтар. Нярэдкія выпадкі дарэння землякамі раённай цэнтральнай бібліятэцы кніг з хатніх запасаў. Многія прыносяць іх па прычыне рамонту, замены мэблі. Былыя выпускнікі, якія сталі студэнтамі, дораць літаратуру па падрыхтоўцы да паступлення, бацькі літаратуру сваіх падросшых дзяцей. Запомніўся выпадак, калі малады чалавек з прычыны пераезду ў іншы горад падарыў нам некалькі серый шматтомных выданняў рускіх і беларускіх класікаў. Прытым гэта быў увесь збор твораў – ад першага да апошняга тома. Некаторыя з кніг, што паступаюць нам у дар ад чытачоў, мы дорым людзям, якія не могуць прыйсці ў бібліятэку. Літаральна ўчора мы праводзілі дабрачынную акцыю “Цікавыя кнігі – у добрыя рукі” ў Капцэвіцкім сацыяльным пансіянаце “Палескія хвоі”, падчас якой перадалі ўстанове перыядычныя выданні, закладкі з афарызмамі пісьменнікаў-класікаў. Частку з падораных кніг землякамі ў населеныя пункты развозіць “Перасоўная бібліятэка”.
Дарыце кнігі адзін аднаму! Гэта дзіўны падарунак, які нясе радасць і натхненне.
Сяргей СІГАЙ, жыхар аграгарадка Пціч:
– Чытанне адкрывае новыя гарызонты, дазваляе раскрыць свой унутраны свет. У свой час, калі быў навучэнцам Пціцкай сярэдняй школы – з’яўляўся пастаянным наведвальнікам школьнай бібліятэкі. А аднакласніцам на 8 Сакавіка дарылі кнігі.
Жаданне чытаць у мяне не знікла да сённяшняга дня, і ў макулатуру рэч у вокладцы ніколі не адпраўлю.
У нашай сям’і кнігу лічаць дастойным падарункам. На вялікі жаль, з кожным годам іх ўсё менш выбіраюць у якасці прэзента. Атрымліваецца, кніга – добры падарунак для тых, хто любіць чытаць.
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.
Оставить комментарий