Дарогі Петрыкаўшчыны – у надзейных руках!

0
305

Дарогі Петрыкаўшчыны – у надзейных руках!

Будаўніцтва і абслугоўванне дарог – сфера, якая патрабуе ўвагі да кожнай дэталі, ведаў, гатоўнасці спраўляцца з рознымі форс-мажорнымі сітуацыямі. Ці будуць мець транспартныя артэрыі якаснае пакрыццё, шмат у чым залежыць ад адказнасці і прафесіяналізму дарожнікаў. Да ліку такіх адносіцца трактарыст філіялу Петрыкаўскага дарожна-рамонтна-будаўнічага ўпраўлення Антон Філатаў.

Напярэдадні прафесійнага свята аўтамабіліста і дарожніка карэспандэнты “Петрыкаўскіх навін” накіраваліся ў гарадскі пасёлак Капаткевічы, дзе ў складзе брыгады на рамонце вулічна-дарожнай сеткі працаваў герой артыкула. Нягледзячы на тое, што стаж працы Антона Філатава ў дарожнай службе невялікі – каля пяці гадоў, пра яго пачулі толькі добрыя словы. Калегі па працы адзначаюць: работнік знаходзіць агульную мову з усімі і ўмее працаваць у камандзе. Кіраўніцтва прадпрыемства падкрэсліла, што такіх спецыялістаў як Антон Сяргеевіч трэба яшчэ пашукаць: ён мае пасведчанне трактарыста-машыніста першага класа, што дазваляе працаваць на любой тэхніцы. У гэтым мы ўпэўнілася самі, назіраючы, як трактарыст спрытна, пры неабходнасці, перасядаў з новенькага МТЗ на тэхніку па ўкатцы асфальту.
– Работы ў дарожніка хапае ва ўсе сезоны. Бягучы, ямачны і капітальны рамонт, асфальтаванне, устаноўка дарожных знакаў, навядзенне парадку на аўтобусных прыпынках, расчыстка трас, пасыпка – гэта далёка не поўны пералік таго, чым мы займаемся. Другімі словамі, асноўная задача работнікаў галіны – рабіць дарогі бяспечнымі. І ў нашай працы без пачуцця адказнасці за добраўпарадкаванне малой радзімы, за камфорт землякоў – немагчыма, – пачынае размову Антон Сяргеевіч
Мужчына не хавае: падтрыманне аўтамабільных дарог у добрым стане – задача не толькі важная, але і складаная. І калі ўся тэхніка ў спраўным стане, людзі адказна адносяцца да сваіх абавязкаў, то любыя задачы, пастаўленыя перад калектывам, вырашальныя.
– У мясцовага ДРБУ ёсць усё неабходнае для зладжанай і выніко-вай працы: граматнае кіраўніцтва, вопытныя спецыялісты, адказныя работнікі, адпаведная матэрыяльна тэхнічная база, – выказвае думку герой. – У гэтым годзе арганізацыя набыла новую тэхніку. У калектыве кожны разумее: без сучаснай спецыялізаванай тэхнікі, без высокай якасці работы, рух наперад немагчымы.
Размова паказала, што наш суразмоўца сціплы чалавек і не бачыць падстаў для асаблівай увагі да сябе. Лічыць, што ён, як і ўсе яго калегі проста выконвае сваю працу. Але за гэтай сціпласцю мы разгледзелі цвёрды характар і працоўную загартоўку героя.
Сам мужчына родам з Бабуніч. Пасля заканчэння мясцовай школы ў абласным цэнтры атрымаў спецыяльнасць электраманцёра па рамонту абсталявання. Пасля службы ў войску пачаў механізатарскую справу: сеў за руль сельгастэхнікі, на якой адпрацаваў каля дзесяці гадоў. Прыняўшы прапанову пераходу на працу ў ДРБУ, мяняць месца жыхарства не стаў, застаўся жыць на сваёй малой радзіме, дзе яго з працы кожны вечар чакаюць жонка і трое дзяцей. Для іх ён самы лепшы, надзейны і дарагі чалавек на свеце.
На пытанне пра далейшыя прафесійныя планы, Антон Філатаў адказаў:
– Працаваць яшчэ эфектыўней, больш вынікова. Каб і землякі, і госці раёна былі задаволены дарожным камфортам. Хочацца, каб на трасах сустракалася як мага менш ям і ўхабаў. Справа гонару сённяшніх работнікаў ДРБУ – не страціць, а прымнажаць традыцыі, закладзеныя ветэранамі галіны.
Калектыў рэдакцыі далучаецца да віншаванняў дарожнікаў Петрыкаўшчыны. Выказвае падзяку ўсім, хто ажыццяўляе аўтаперавозкі, рамантуе і будуе дарогі, вуліцы, а таксама ўтрымлівае іх у чысціні і парадку.
Няхай ваша праца будзе заўсёды плённай і натхнёнай, а добры настрой і ўдзячнасць удзельнікаў дарожнага руху надаюць вам сіл і энергіі!

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о