Дзяржаўная падтрымка сямей у Беларусі з’яўляецца нацыянальным прыярытэтам. Сям’я, якая выхоўвае траіх і болей непаўналетніх – у асаблівым полі зроку грамадства. Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка неаднаразова падкрэсліваў сваю прынцыповую пазіцыю: “Шматдзетныя сем’і – гэта наш асноўны дэмаграфічны арыенцір. Дзяржава робіць усё магчымае, каб шматдзетнасць стала нормай для нашага грамадства”.

У краіне сфарміраваны магутны пакет сацыяльных мер, які ўключае ў сябе дапамогі пры нараджэнні і выхаванні дзяцей, ільготы ў адукацыі і ахове здароўя, падатковай, пенсійнай і працоўнай сферах. З 2015 году ў краіне працуе Праграма сямейнага капіталу, адзін з напрамкаў якой – дапамога пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылля. За дадзены перыяд каля трохсот шматдзетных сям’яў Петрыкаўшчыны скарысталіся магчымасцямі ад дзяржавы пры вырашэнні жыллёвага пытання,  толькі за бягучы год –  дзевятнаццаць.

Часта бывае так, што ў пошуках перспектыў маладыя людзі з’язджаюць з родных мясцін у вялікія гарады, там уладкоўваюць жыццё, знаходзяць працу, будуюць сям’ю.

Нашы героі – шматдзетныя бацькі, якія знайшлі заспакаенне на малой радзіме і, скарыстаўшыся дзяржаўнай падтрымкай, пабудавалі дом, а другія знаходзяцца толькі ў працэсе будаўніцтва.

Днямі мы сустрэліся з сем’ямі, каб атрымаць адказ на пытанне: “Чаму ўсё ж такі пабудаваць жыллё было вырашана на малой радзіме?”

Сям’я Яны і Уладзіміра Краменскіх:

– Родам я з вёскі Брынёў, жонка – з Жыткавіцкага раёна, аграгарадок Кольна, – пачаў аповед Уладзімір.

Як прызнаўся наш герой, жаданне стаць шматдзетнымі бацькамі было ўзаемным з абодвух бакоў, бо ў сям’і Уладзіміра было чатыры дзіцяці, у сям’і Яны – 5.

– З дзяцінства прывыклі да вялікай сям’і, таму ўдзячны Богу за магчымасць нарадзіць 3-х цудоўных сыноў, – працягвае суразмоўца. – Старэйшы сын зараз вучыцца ў другім класе, сярэдні – ходзіць у дзіцячы садок, а малодшы яшчэ маленькі, у гэтым месяцы яму споўніцца 2 гадкі.

Дапамога шматдзетным –  сацыяльная візітоўка Беларусі

На пытанне, чаму было вырашана застацца на малой радзіме і тут пабудаваць сям’ю, Уладзімір адказаў: “Калі прыйшоў з арміі, адразу паступіла прапанова ўладкавацца на працу ў калгас трактарыстам, там жа працаваў на той момант і мой бацька. Я згадзіўся, бо тут была мая сям’я, сябры.

Для мяне мая малая радзіма з’яўляецца не толькі месцам, дзе я вырас і жыву, але гэта і тое месца, з якім у мяне трывалыя асабістыя сувязі. Для нашых дзяцей тут ёсць умовы для развіцця, школа і дзіцячы садок, дзе з імі працуюць цудоўныя выкладчыкі. А як у будучым вырашаць яны для сябе, дзе ім пусціць карані,  гэта ўжо будзе іншая гісторыя”.

Сям’я Крысціны і Віталія Герасіменка:

– У 2014 годзе мы з мужам ажаніліся, – успамінае Крысціна. – Абодва вельмі любім дзяцей, таму заўсёды хацелася мець вялікую сям’ю. Так і атрымалася.

Зараз бацькі выхоўваюць чацвёра дзяцей: старэйшай дачцэ Аляксандры 18 гадоў, Ксенія вучыцца ў пятым класе, Уладзіслаў – у першым класе, малодшай Віялеце толькі адзін год.

– Шматдзетная сям’я – гэта, сапраўды, цудоўна. Жывем мы дружна, заўсёды дапамагаем адзін аднаму і падтрымліваем дзетак ва ўсіх іх пачынаннях, – працягвае суразмоўца.

Крысціна прызналася: дапамога дзяржавы ў будаўніцтве ўласнага дома – вялікая падтрымка для шматдзетных сем’яў.

Дапамога шматдзетным –  сацыяльная візітоўка Беларусі

– У Пцічы мы і вырашылі спыніцца і пабудаваць сваю сям’ю. Тут цудоўная прырода, умовы, ёсць працоўныя месцы: муж зараз працуе шахцёрам, я знаходжуся ў дэкрэтным адпачынку, а да гэтага працавала на чыгунцы ў Муляраўцы. Дом у нас вялікі, утульны, усе дзеткі маюць свой вугалок, – дадала Крысціна. – Кожны мае права сам вырашыць, заставацца яму на малой радзіме ці не, мы ні дня не пашкадавалі, што засталіся тут.

Часам узнікае думка, а калі б мы паехалі ў іншы горад ці краіну, як бы склалася наша жыццё? Усё ж такі прыказка “дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся” мае глыбокі сэнс. На чужыне мы заўсёды будзем чужыя.

Нашы героі – цудоўны прыклад для многіх. Значна прасцей паехаць туды, дзе ўжо ўсё ўладкавана, чым самому ствараць умовы для сябе. Але ж для краіны і яе жыхароў вельмі важна, каб жыць усюды было добра, і грамадзяне павінны ўнесці свой уклад у тое, каб гэтая мара стала явай.

Анастасія КІСЕЛЁВА.

Фота аўтара і з архіва сям’і Герасіменка.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о