У Капаткевіцкай сярэдняй школе прайшоў адзіны дзень інфармавання на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Віталем Пілерам. Дырэктар установы адукацыі Наталля Камнацкая выступіла перад калектывам з дакладам пра прафілактыку злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці і палавой свабоды непаўналетніх.
Наталля Юр’еўна засяродзіла ўвагу на складанасці выяўлення падобных правапарушэнняў, таму што прызнанне і, тым больш, зварот за дапамогай з праблемай сексуальнага гвалту з’яўляецца, у свядомасці многіх грамадзян, падставай для глыбокага сораму. Больш за тое, некаторыя блізкія часцяком успрымаюць сігналы ці, нават, паведамленні дзяцей пра праблему, як хлусню.
Акрамя прамых сексуальных кантактаў існуюць не прамыя гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару, ажыццяўленне якіх часцяком здзяйсняецца праз інтэрнэт. Невядомыя асобы могуць схіляць непаўналетніх да палавых зносін праз прыватныя размовы, дэманструючы непрыстойныя фотаздымкі і відэа, прасіць непаўналетніх даслаць уласныя выявы падобнага зместу.
“Прымаючы да ўвагі ўсю цяжкасць выяўлення некаторых правапарушэнняў адзначанай катэгорыі, трэба ведаць прыкметы сексуальнага гвалту, якія могуць праяўляцца ў паводзінах і пакінуць адбітак на свядомасці дзіцяці. Тут можна вылучыць: не адпавядаючыя ўзросту веды ў галіне сексуальных адносін; сінякі, свярбенне, кроў у вобласці палавых органаў; складанасці пры хадзе і сядзенні; раптоўныя змены ў паводзінах непаўналетняга; спакушальныя манеры паводзін; адсутнасць апетыту ці, наадварот, пераяданне; засмучэнне сну, начныя кашмары; нянавісць да свайго цела; залішняя саступлівасць у адносінах з дарослымі; дэпрэсія з суіцыдальнымі думкамі; нежаданне ісці дадому, уцёкі з дому; схільнасць да правапарушэнняў, прагулы ў школе і іншыя, больш цяжкія праявы паводзін.
Варта разумець, што праблема становіцца больш актуальнай. Так, за апошнія 7 гадоў, колькасць падазраваных у злачынствах гэтай катэгорыі павялічылася ў 2,5 разы, а пацярпелых – у 2 разы”, – паведаміла Наталля Камнацкая.
Дэпутат раённага і абласнога саветаў дэпутатаў Людміла Гошка распавяла пра работу дэпутацкага корпуса і ўвагу да зваротаў грамадзян. Дарэчы, звярнуцца з пытаннем да абранніка народу можна ў трэці аўторак месяца па месцы працы – у Капаткевіцкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў.
Віталь Уладзіміравіч засяродзіў увагу на тэме беларускіх праектаў будучыні. Акрамя гэтага, была абмеркавана тэма добраўпарадкавання гарадскога пасёлка і ўдзел у гэтай справе мясцовых жыхароў. “Пачынаць заўсёды трэба з сябе, з навядзення парадку на ўласным падворку, на сваёй вуліцы. Спраўляцца з істотнымі задачамі заўсёды трэба разам. Абыякавасць ніколі не давала плёну, тым больш на зямлю заўсёды першым павінен выходзіць на працу менавіта гаспадар, а аб’ектаў і мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні будзе дастаткова”, – адзначыў Віталь Пілер.
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.
Оставить комментарий