Літаральна ва ўсіх населеных пунктах Петрыкаўшчыны ёсць людзі, якія служаць для навакольных эталонам адказнасці, неабыякавасці і выклікаюць павагу за пражытыя гады. Адна з такіх – жыхарка Заброддзя Раіса Хобна. Яе жыццё – яскравы прыклад беларуса, носьбіта спрадвечных каштоўнасцей, што дазваляе называць яе Чалавекам з вялікай літары.

Дабра жадаю ўсім людзям

Сустрэла нас Раіса Іванаўна ў добрым настроі. Прызнаецца: радая гасцям. Заброддзе даўно стала маланаселеным, яе хата знаходзіцца практычна ў канцы вёскі, а суседнія даўно стаяць без гаспадароў. Каб пачуць мясцовыя навіны ці расказаць пра свае, патрэбна ісці да аднавяскоўцаў у цэнтр населенага пункта. Яе памяць яшчэ трымае ўспаміны, калі ў далёкім жніўні 1959 года яна, маладая медык, прыехала ў раён на замацаваны ёй участак – вёскі Заброддзе, Клясаў, Млынок, у якіх налічвалася каля васьмісот жыхароў.

– Сама я родам з Рэчыцкага раёна. Бацька загінуў на фронце і маці падымала сама пецярых дзяцей. Сям’я шмат працавала. Адна праца на надзелах ільну чаго вартая: прапалоць, сабраць, высушыць, чысцюткі сабраць у снапы і здаць на завод вышэйшым гатункам. Пасля сямігодкі паступіла ў медвучылішча і атрымала спецыяльнасць “Фельчар-акушэр”, – дзеліцца жанчына. – Павінна была на працу размеркавацца ў Казахстан, але сказаць шчыра, камісія вырашыла пакінуць мяне  на Палессі: была маладзенькая,  худзенькая і здавалася такой безабароннай. Год адпрацавала пры Рэчыцкай раённай бальніцы і прыехала  па размеркаванні на Петрыкаўшчыну. З таго часу  гэтая зямля стала мне домам, а людзям аддала 46 гадоў прафесійнага жыцця.

Дабра жадаю ўсім людзям

Па прыездзе на месца працы медык адразу праявіла сталёвы характар. Патрабавала для медыцынскай практыкі неабходныя ўмовы: ад новага памяшкання да патрэбных інструментаў, лекаў. Дарогі ў той час былі дрэнныя, транспарту – адзінкі. Рожаніц даводзілася вазіць у Навасёлкі на конях, прасіць у старшыні калгаса машыну для дастаўкі хворых у Петрыкаў ці Капаткевічы. Успамінае, старшыня спачатку неяк скептычна адносіўся да яе патрабаванняў, выгляд яго казаў: вучыся сама. Але хутка маладая медсястра прымусіла змяніць пра сябе меркаванне, дэманстуючы на справе свой прафесіяналізм у дапамозе і выратаванні вяскоўцаў. Стала зразумелым: спрачацца з дзяўчынай не трэба, яна ведае як правільна паступіць. За кароткі час яна заслужыла аўтарытэт у людзей: жанчыны смела чакалі нараджэння дзіцяці пад патранажам Раісы Іванаўны, і старыя і малыя ведалі, што пры любой хваробе медык зробіць усё, што ад яе залежыць.

– Амаль за пяць дзесяцігоддзяў медыцынскай практыкі ўсякага было. Даводзілася і радавацца, і плакаць, віншаваць і суцяшаць, – прызнаецца новая знаёмая. – Але хачу адзначыць, што заўсёды адчувала давер пацыентаў і падтрымку ўлады. Будучы дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў звярталася з праблемамі да мясцовай і раённай улады. Дрэнная дарога – як хворых вазіць? Няма асвятлення – як ноччу людзям да мяне прыйсці і мне ісці на выклік? Няма вады ў адкрытым доступе – паставіць калонкі на вуліцы і правесці ваду ад воданапорнай вежы. І ўсё было пачута, зроблена для насельніцтва.

Суразмоўца не хавае: па прыездзе ў Заброддзе не планавала заставацца там назаўсёды. Былі прапановы пераехаць на працу ў Петрыкаў, чакалі і на малой Радзіме. Ды здарыўся выпадак: салдат з Клясава вярнуўся пасля службы і дрэнна яму стала. Вызвалі фельчара. Маладая медсястра паставіла дыягназ: прападная язва страўніка. Разумеючы, што важная кожная хвіліна, а ісці да старшыні прасіць машыну зойме час, вадзіцелю калгаснай машыны  сказала, што дазвол атрымала.  Юнака даставілі ў гарадскую бальніцу і зрабілі аперацыю. Пасля выздараўлення ён прыйшоў  да сваёй выратавальніцы з кветкамі. Так і пайшлі па жыцці разам.

Дружна жылі, шчыра працавалі. Пабудавалі дом, і як усе вяскоўцы ў тыя гады трымалі сваю падсобную гаспадарку.   Вырасцілі, годна выхавалі, далі адукацыю і пуцёўку ў жыццё двум сынам і дачцэ. Ды бяда не абышла іх сям’ю: у самым росквіце сіл трагічна загінуў старэйшы сын Васілій. Жанчына кажа: галава “пабялела” за адну ноч. Цяжка перажывалі страту. І сёння  гаварыць пра гэта ёй балюча.

Ужо даўно Раіса Іванаўна жыве  адна. Прызнаецца: дзеці жывуць побач і часта прыязджаюць, дапамагаюць, клапоцяцца і завуць да сябе. Генадзь – працуе старшынёй Камаровіцкага сельскага Савета, Зоя – настаўніцай Чалюшчавіцкай школы. Але яна не хоча  пакідаць сцены роднай хаты. У свае 84 гады яна не сядзіць без справы, праз тэлебачанне і раённае выданне валодае навінамі краіны і раёна, мае зносіны з роднымі і знаёмымі. Яе душа не пастарэла і вочы свецяцца цеплынёю, якую не здолелі пагасіць пражытыя гады. Жанчыне ёсць пра каго думаць, ад каго прымаць тэлефанаванні,  чакаць у госці і кім ганарыцца. Лёс шчодра надзяліў яе нашчадкамі: шэсць унукаў і дзесяць праўнукаў годна працягваюць род Хобнаў.

– Жадаю здароўя і шчасця ўсім добрым людзям. Каб у сэрцах заўсёды жылі радасць і чуласць, а вочы ніколі не ведалі слёз, – перадае землякам свае шчырыя пажаданні Раіса Іванаўна. – З пяшчотай і чуласцю адносьцеся да людзей, сваімі добрымі справамі працягвайце справы старэйшых.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о