Летнія ўмовы надвор’я абумовілі хуткае высыханне расліннасці, што стварае пажаранебяспечнае становішча ў экасістэмах. Сітуацыю ўскладняе яшчэ і тое, што гаспадары пачынаюць прыбіраць рэшткі сухой расліннасці, але далёка не ўсе з уладальнікаў прыватных падворкаў прытрымліваюцца патрабаванняў пажарнай бяспекі.
Так, некаторыя грамадзяне наўпрост спальваюць сухую расліннасць, а недагляд за агнём прыводзіць да распаўсюджвання агню спачатку па падворку, а потым перакідваецца на экасістэмы. Статыстыка сведчыць: абсалютная большасць пажараў па прычынах палаў сухой травы здараецца па віне людзей. На неспрыяльныя метэаўмовы прыпадае толькі 5-10% з усіх пажараў у экасістэмах.
“Пры спальванні сухой травы ў разы памяншаецца ўрадлівасць глебы, наяўнасць у ёй мінеральных рэчываў. Многія лічаць, што гэта з лішкам кампенсуецца арганікай попелу, але яго значэнне істотна перабольшваецца – попел хутка змываецца павярхоўнымі і грунтавымі водамі і толькі нязначная яго частка засвойваецца раслінамі.
Згарэлыя рэшткі ўгнаенняў і ядахімікатаў пераўтвараюцца ў лятучыя таксічныя арганічныя і неарганічныя рэчывы. Згаранне травы паабапал дарог цягне забруджванне паветра цяжкімі металамі.
“Акрамя гэтага, у полымі гінуць не толькі расліны, але і насякомыя, жабы, яшчаркі, гнёзды перыстых, іх кладкі яек і птушаняты”, – растлумачыў начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігар Зянкевіч.
За незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на карані, а таксама іржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі выпальванняў артыкулам 16.40 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжаны штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь. Асобы, якія дапусцілі такое незаконнае выпальванне, абавязаны кампенсаваць прычыненую навакольнаму асяроддзю шкоду, сума якой, у залежнасці ад віду зямель, можа даходзіць да 200 базавых велічынь за 1 гектар.
Запісаў Арцём ГУСЕЎ.
Оставить комментарий