Напярэдадні 8 Сакавіка Петрыкаўшчыну наведалі артысты Мазырскага драматычнага тэатра імя Івана Мележа.
Тэатральны калектыў прыехаў з пастаноўкай “Каханне, сям’я і трэці лішні”. Першая частка спектакля зроблена ў лепшых традыцыях французскай камедыі. Яна прызначана для тых, хто хоча забыцца пра бытавыя клопаты, ад душы пасмяяцца і задумацца. У цэнтры сюжэту – класічны любоўны трохкутнік з ліха закручаным сюжэтам і недарэчнымі непаразуменнямі, дзе з героямі адбываюцца незвычайныя падзеі на мяжы цуду, вялізнага выйгрышу. Другая частка спектакля – рускі вадэвіль, у якім лёгкі жанр і бліскучая акцёрская імправізацыя гарантуюць гледачам добры настрой. Падзеі развіваюцца так, што інтрыга захоўваецца да самага апошняга моманту.
Вясёлая гісторыя гледачом была ацэнена па заслугах: смех, апладысменты, бурныя авацыі – у зале не было ніводнага свабоднага месца. Прысутныя з задавальненнем разам з персанажамі траплялі ў заблытаныя і анекдатычныя сітуацыі. Назіралі, як у жыцці адной сям’і ўсё перамяшалася, і як героі знаходзяць выйсце з сітуацый. Энергетыка акцёраў, іх перадача вобразаў у спалучэнні з музыкай, дэкарацыямі рабілі дзеянне цікавым і захапляльным. Артысты – якіх па сюжэце толькі тры, змаглі прывабіць гледача з першай хвіліны пастаноўкі і трымаць у неабходным тонусе больш за гадзіну.
Пастаноўкі мазырскіх тэатралаў карыстаюцца поспехам не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Калектыў неаднаразовы лаўрэат прэстыжных конкурсаў, уладальнік нацыянальных прэмій і па праве карыстаецца любоўю прыхільнікаў тэатральнай творчасці.
Пасля спектакля ў фае Дома культуры гледачы не спяшаліся разыходзіцца дадому – для аматараў тэатра гэты вечар быў незабыўны. Прыхільнікі мас-тацтва абмяркоўвалі ўбачанае, дзяліліся навінамі культурнага жыцця краіны. Многія прысутныя наведалі прадстаўленне сем’ямі, што дазволіла бесклапотна адпачыць ад працоўных будняў, удосталь пасмяяцца. На спектакль прыйшло і шмат людзей ва ўзросце, што дэманструе цікавасць да тэатральнага жыцця рознаўзроставых катэгорый. З упэўненасцю можна сказаць: такія мерапрыемствы робяць жыццё больш яркім, прыемным,а жыхары Петрыкаўшчыны чакаюць новых сустрэч.
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.
Оставить комментарий