Чый сябра цемра?

0
116

Зімовыя вечары ў перыяд навагодніх і калядных святаў – цудоўная нагода штовечар прайсціся па вуліцах райцэнтра, адчуць чаруючую атмасферу свята. Але ж не толькі радасць і захапленне прыносілі вячэрнія шпацыры, былі і моманты расчаравання. Пра ўсё па парадку.
Уваходныя групы ў гарадскі парк шматабяцаюча ззялі святочнай ілюмінацыяй, абяцаючы казку і цуд. Дзеля справядлівасці варта зазначыць, што сёлета каля амфітэатра з’явілася новая кампазіцыя з месяца і зорак – яркая, прыгожая і вельмі навагодняя. Аднак, на жаль, навагодняе чараўніцтва парка – любімага месца шпацыраў землякоў і гасцей горада, на гэтым заканчваецца. Большая палова ўсталяваных у парку ліхтарных слупоў не гарыць, а парк, адпаведна, проста патанае ў цемры. Таму і наведвальнікаў у вячэрні час у парку няшмат: нязручна прагульвацца ні людзям сталага ўзросту, ні сямейным парам, ды і моладзь абыходзіць яго бокам, усё часцей для сустрэч абіраючы зону амфітэатра.
Упэўнены, што акрэсленая недарэчнасць будзе ўхілена ў бліжэйшы час і любімае для шпацыраў месца набудзе ранейшую прывабнасць.

В. МІКАЛАЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о