Беларусь на дзяржаўным узроўні адзіная на постсавецкай прасторы адзначае чарговую гадавіну Вялікага Кастрычніка. У нашай краіне па-ранейшаму сёмага лістапада – чырвоны дзень календара, які мае статус агульнарэспубліканскага святочнага дня.

Чырвоны дзень календара

Кожны год напярэдадні гэтай даты гісторыкі, палітыкі, грамадскія дзеячы разважаюць пра значэнне Кастрычніцкай рэвалюцыі ў гісторыі беларускага народа і ўсяго чалавецтва. Сярод розных меркаванняў бясспрэчна адно: не будзь узброенага паўстання ў Петраградзе ў ноч з 25 на 26 кастрычніка 1917 года – свет быў бы іншы.

Аналізуючы геапалітычныя працэсы і падзеі пачатку XX стагоддзі, прыходзіш да высновы: Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя была непазбежная. Тады, як і ў нашы дні, планету скалыналі шматлікія ўзброеныя канфлікты, эксплуатацыя чалавека чалавекам, адных народаў іншымі.

Са стрэлам крэйсера “Аўрора” на палітычнай арэне з’явілася новая рухаючая сіла – бальшавікі. Мы, беларусы, абавязаныя гэтым людзям у першую чаргу сваёй дзяржаўнасцю. Менавіта кастрычнік 1917-га адкрыў беларускаму народу шлях да ўвасаблення ў жыццё сваёй шматвяковай мары аб стварэнні нацыянальнай дзяржавы, заснаванай на прынцыпах сацыяльнай справядлівасці і сапраўднага народаўладдзя, непарушнай дружбе народаў і народнасцяў неабсяжнага Савецкага Саюза.

Кастрычніцкая рэвалюцыя прынесла нам святло асветы і культуры, узняўшы да нябачаных вышынь развіццё беларускай навукі, тэхналогій, літаратуры і мастацтвы. Нягледзячы на страшныя разбурэнні і ахвяры, якія пракаціліся па беларускай зямлі ў грозныя гады Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў, замежнай інтэрвенцыі і польскай акупацыі, цяжкія гады барацьбы з гітлераўскімі захопнікамі, БССР пасля стала рэспублікай першакласнага машынабудавання і дакладнага прыборабудавання, нафтахімічнай прамысловасці і сельскай гаспадаркі.

Менавіта гэтыя каштоўнасці, ідэалы і заваёвы Кастрычніцкай рэвалюцыі, якія дзякуючы Прэзідэнту краіны Аляксандру Лукашэнку працоўны народ Беларусі здолеў захаваць у 1990-я і абараніць у жніўні 2020-га, сёння забяспечваюць паспяховае развіццё суверэннай беларускай дзяржавы.

7 лістапада ў азнаменаванне 107-й гадавіны Вялікага Кастрычніка на гарадской плошчы райцэнтра адбудзецца цырымонія ўскладання кветак да помніка Уладзіміру Леніну і святочны мітынг.

Патрыятычныя сілы Петрыкаўшчыны збяруцца разам, каб заявіць пра вернасць ідэалам Вялікага Кастрычніка, сваю падтрымку сацыяльна-палітычнага курсу, які праводзіцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, і гатоўнасць прымаць самы актыўны ўдзел у забеспячэнні нацыянальнай бяспекі суверэннай беларускай дзяржавы на ідэалагічным і сацыяльна-эканамічным франтах, абараняць сацыяльныя заваёвы беларускага народа.

Пачатак мітынгу ў 11 гадзін. Святочны канцэрт у РДК пачнецца а 12-ай гадзіне.

Галіна КАЗАК. Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о