Петрыкаўская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя інфармуе, што ў цяперашні час працягваецца работа па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці залатарнікаў канадскага і гіганцкага.

Гэтыя расліны з’яўляюцца не толькі небяспечнымі алергенамі, але і ўяўляюць пагрозу біялагічнай разнастайнасці, выціскаючы з прыродных экасістэм абарыгенныя віды раслін. Залатарнікі канадскі і гіганцкі ўключаны ў Пералік раслін, распаўсюджванне і колькасць якіх падлягаюць рэгуляванню. Дакумент зацверджаны пастановай Савета Міністраў № 1002 ад 7 снежня 2016 года “Аб некаторых пытаннях рэгулявання распаўсюджвання і колькасці відаў раслін”. Згодна з артыкулам 26 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб раслінным свеце” № 205-З ад 14 чэрвеня 2003 года, карыстальнікі зямельных участкаў абавязаны ажыццяўляць у выпадках і парадку, вызначаным заканадаўствам, работы па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці інвазіўных відаў раслін. Рэгуляванне распаўсюджвання і колькасці раслін павінна ажыццяўляцца спосабамі, якія забяспечваюць папярэджанне прычынення шкоды іншымі аб’ектам расліннага свету і захаванасць асяроддзя іх вырастання. У адпаведнасці з Палажэннем аб парадку правядзення мерапрыемстваў па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці відаў раслін, выкарыстоўваюць ручны, механічны і хімічны спосабы рэгулявання.

Аптымальнымі тэрмінамі для занясення гербіцыдаў для рэгулявання распаўсюджвання і колькасці залатарніка канадскага з’яўляюцца канец вясны-пачатак лета, пры вышыні раслін да 30-ці сантыметраў. Хімічны метад барацьбы з залатарнікам можа быць выкарыстаны і ў іншыя тэрміны, але толькі пасля падкошвання раслін. Такая тэхналогія дазваляе прадухіліць і мінімізаваць гібель пчол і іншых прадстаўнікоў фаўны ў летне-восеньскі перыяд.

Зараз тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды вядуць актыўную работу па выяўленні ачагоў росту залатарніка і прыняцці мер па ліквідацыі расліны. На тэрыторыі Петрыкаўскага раёна пастаўлена на ўлік больш за 27-ем месцаў росту залатарніка канадскага. Найбольш інвазіраванымі з’яўляюцца тэрыторыі Ляскавіцкага, Чалюшчавіцкага, Камаровіцкага і Муляраўскага сельсаветаў. Сёлета для хімічнай апрацоўкі месцаў росту залатарніка на плошчы 2,5 гектараў было накіравана 3100 рублёў, якія засвоены ў поўным аб’ёме. Месцы росту залатарніка канадскага ўключаны ў раённыя планы мерапрыемстваў па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці інвазіўных відаў раслін, вызначаны адказныя выканаўцы.

У сувязі са значнай пагрозай біялагічнай разнастайнасці, раённая інспекцыя заклікае грамадзян адмовіцца ад вырошчвання і выкарыстання залатарніка ў якасці дэкаратыўнай расліны на дачных і прысядзібных участках, могілках і ў кветніках.

Ігар ЗЯНКЕВІЧ,
начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о