Не так даўно шлях  карэспандэнтаў “ПН” ляжаў у вёску Брынёў. У час візіту ў населены пункт завіталі ў філіял Брынёўскага СДК – мясцовыя артысты маюць не мала прыхільнікаў як на Петрыкаўшчыне, так і за яе межамі.

Размова з Галінай Карабай, мастацкім кіраўніком фальклорнай групы “Рэчанька”, атрымалася шчырай і цікавай. Інакш быць не магло: пра здольнасці кожнага члена калектыву Галіна Іванаўна расказвала з захапленнем і павагай.

– Калектыў мне знаёмы даўно. Будучы работнікам мясцовай школы, я прыходзіла ў вольны час у Дом культуры, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. Быў перыяд, калі “Рэчанька” прыпыніла сваю дзейнасць. Менавіта тады я вырашыла паспрабаваць сябе ў новай справе. Тым больш, што многія мясцовыя артысты жадалі  сустрэч  са слухачамі, а жыхары вёскі чакалі канцэртных праграм. І вось ужо амаль два гады я на гэтай паса-дзе, – дзеліцца суразмоўца.

Чуць песні роднай зямлі

Асноўны склад “Рэчанькі” – каля дзесяці чалавек. Але, са слоў Галіны Іванаўны, калі ўлічыць тых брынёўцаў, якія перыядычна прыязджаюць на малую радзіму і выходзяць на сцэну, каб парадаваць сваёю творчасцю вяскоўцаў, – то артыстаў каля дваццаці. Едуць землякі на малую радзіму за незабыўнымі эмоцыямі з розных куткоў краіны. У складзе вакальнай групы як працоўнае насельніцтва, так і тыя, хто выйшаў на заслужаны адпачынак. Рэпертуар досыць багаты: народныя, патрыятычныя, эстрадныя кампазіцыі. Абавязкова ў праграме жартоўныя замалёўкі, танцы. Калектыў наведваюць нават сем’ямі. Так, творчыя нумары жонкі, дачкі, сыноў, пляменніка былога кіраўніка групы Уладзіміра Беластоцкага ўключаны ў многія канцэртныя праграмы, хоць некаторыя з артыстаў пражываюць у Мінску і нават за межамі краны. Палюбіліся публіцы тры сястры Сцяпанавы (у дзявоцтве), у кожнай з якіх асабісты жанр. Цягнуцца да творчасці і вучні Брынёўскай школы, што робіць канцэртную праграму больш разнапланавай.

Мастацкі кіраўнік не хавае: большасць артыстаў – самародкі. Са слоў жанчыны, прыхільнікі ёсць у кожнага з выканаўцаў, а Уладзімір Шыбайла, напрыклад,  вядомы сваім выкананнем песень і ў інтэрнэт прасторы.

Калектыў “Рэчанькі” працягвае традыцыі, трывала закладзеныя тымі, хто стаяў у вытокаў: Анастасіі Канстанцінаўны Далматавай, Уладзіміра Сцяпанавіча Беластоцкага. Глядзяць артысты і наперад: набыты сцэнічныя касцюмы, пашыраецца рэпертуар, з’яўляюцца новыя пляцоўкі для выступленняў. Удзельнікаў яднае шчырае жаданне прынесці сваёй творчасцю радасць землякам.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота з архіву філіяла Брынёўскага СДК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о