У нацыянальным парку “Прыпяцкі” знайшлі новае месца вырастання ядомага грыба, нядаўна ўключанага ў Чырвоную кнігу.
Гэты грыб – не нейкі там мухамор або паганка (хоць тыя таксама прыгожыя!). Не, гэта сапраўдны арыстакрат грыбнога царства.
Спецыяліст па экалагічным турызме Вольга Харытонавіч паведаміла:
– Выяўленне новага месца вырастання чорнай лісічкі стала значнай падзеяй для прыродаахоўнай дзейнасці Нацпарка. Гэты грыб з’яўляецца важным элементам лясной экасістэмы. Ён удзельнічае ў раскладанні арганічных рэчываў і спрыяе ўтварэнню ўрадлівай глебы. Асаблівае значэнне мае тое, што чорная лісічка служыць надзейным індыкатарам стараўзроставых лясоў – менавіта такія экасістэмы неабходныя для яе развіцця і існавання. Яе прысутнасць сведчыць аб высокім узроўні біяразнастайнасці і экалагічнай чысціні тэрыторыі.
Чорная лісічка, або вароначнік ражкавідны, – ядомы грыб, які па смакавых якасцях не саступае звычайнай жоўтай лісічцы. Ён адрозніваецца незвычайным знешнім выглядам. Капялюшык мае лейкападобную форму з хвалістымі бакамі, афарбаваную ў цёмна-шэры або чорны колер з адсутнасцю псеўдапласцінак. Ножка тонкая, доўгая. Расце з чэрвеня да восені, найбольш актыўны ў жніўні-верасні.
– У сувязі са скарачэннем натуральных месцапражыванняў і некантралюемым зборам, грыб быў уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь у 2025 го-дзе, – нагадалі ў Нацпарку. – За незаконны збор чорнай лісічкі прадугледжаны штраф ад 20 да 30 базавых велічынь (ад 840 да 1260 рублёў).
Спецыялісты “Прыпяцкага” заклікаюць наведвальнікаў з разуменнем паставіцца да абмежаванняў і не збіраць рэдкія віды грыбоў, каб захаваць прыроднае багацце для будучых пакаленняў.
Таму, калі ў наступны раз пой-дзеце ў лес і ўбачыце падазрона прыгожы і важны чорны грыб – не спяшаецеся яго збіраць ў кошык. Магчыма, перад вамі не проста вячэра, а даволі рэдкі экземпляр, які ўключаны ў Чырвоную кнігу! Лепш сфатаграфаваць і парадавацца такой дзіўнай знаходцы.
Марыя ТАМКО.
Фота: сайт ДПУ “Нацыянальны парк “Прыпяцкі”.
Оставить комментарий