На мінулым тыдні ў СУП “Палессе-Аграінвест” дадзены старт сяўбе азімага рапсу. Ходам пасяўной, а разам з тым і якасцю, у час наведвання вядучага сельгаспрадпрыемства раёна цікавіўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Верамееў.

Для сяўбы адной з самых рэнтабельных культур надышлі лепшыя агратэхнічныя тэрміны. Як адзначаюць самі аграрыі, упусціш час – не закладзеш трывалую аснову пад ураджай наступнага года.
– Азімы рапс у Беларусі – адна з самых тэхналагічных і прадуктыўных культур. Аднак пры гэтым важна памятаць, што на годны ўраджай можна разлічваць толькі пры ўмове яе добрай перазімоўкі, якая ў першую чаргу залежыць ад строгага захавання тэхналогіі сяўбы і апрацоўкі. Што да тэрмінаў сяўбы, то для гэтай культуры яны маюць вырашальнае значэнне для забеспячэння надзейнай перазімоўкі раслін і атрымання добрага ўраджаю. Мы неаднаразова заўважалі, што рапс, пасеяны да першага верасня, паспявае да замаразкаў набыць аптымальныя памеры і сфарміраваць неабходных памераў карнявую сістэму.


Пад ураджай будучага года ў сельгаспрадпрыемствах Петрыкаўшчыны запланавана пасеяць 1500 гектараў азімага рапсу.
Каб выканаць сяўбу ў аптымальныя тэрміны, у цэлым па раёне тэмпы работ павінны складаць каля 7 працэнтаў за дзень, – пазначыў у час размовы нашаму карэспандэнту кіраўнік раёна.
У СУП “Палессе-Аграінвест” у самым разгары ўборачная гарачая пара. Ужо ўбрана амаль 60 працэнтаў збожжавых культур. Паралельна ідзе сяўба азімага рапсу.
– У нас ёсць усё, каб зрабіць гэта якасна і ў тэрмін: вопытныя механізатары, вадзіцелі, спецыялісты. Тэхніка добра падрыхтавана, няма праблем з мінеральнымі і арганічнымі ўгнаеннямі, насенным матэрыялам, палівам, – пазначыла дырэктар сельгаспрадпрыемства Алена Асадчая.


Для таго, каб і ў наступным годзе выйсці на максімальны вынік, у “Палессі-Аграінвест” праводзяць маніторынгі якасці сяўбы практычна на кожным палетку.
Як адзначыла кіраўнік гаспадаркі, важна не толькі ўкласціся ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны сяўбы, але і выканаць усе тэхналагічныя працэсы. А тут вялікую ролю адыгрывае падрыхтоўка глебы: для алейнага семя рапсу яна павінна быць больш якаснай. Плошчы спецыяльна пад рапс у гаспадарцы падрыхтавалі загадзя – узаралі, правялі перадпасяўную апрацоўку.
У гаспадарцы запланавана пасеяць 600 гектараў “чорнага золата”, завяршыць сяўбу плануюць у другой – пачатку трэцяй дэкады жніўня.
– Сеяць мы пачалі 8 жніўня па завяршэнні дажджоў. Калі збожжавыя можна сеяць пад імжой, то рапс – не. Адтуліны ў сеялкі занадта маленькія, хутка забіваюцца. А вось пры спрыяльным надвор’і сеяць рапс лёгка, асаблівых складанасцяў у тэхналогіі апрацоўкі няма. Як і любая культура, ён аддае перавагу добрай зямлі. Закладваем насенне ў глебу, пакуль там ёсць вільгаць, а каб знізіць рызыку перарастання пасеваў, павысіць іх зімаўстойлівасць, набылі прэпараты, якія рэгулююць рост.
Прыкметны дадатак ва ўраджаі – за кошт нормы ўносімых мінеральных угнаенняў. Рапс асабліва адчувальны да азоту, – распавёў намеснік дырэктара па раслінаводстве Іван Фешчанка.


На палетку за складам мінеральных угнаенняў адзін з лепшых механізатараў гаспадаркі Юрый Лімараў на сеялцы «HORSCH», прычэпленай да трактара Massey Ferguson, закладваў у зямлю насенне рапсу гатунку “Імперыял” ад беларускіх селекцыянераў.
– Умовы для сяўбы азімага ячменю ў гэтым годзе вельмі спрыяльныя, – распавядае механізатар – Тэхніка ў нас добрая, працуе ідэальна, таму сяўбу правядзём якасна і ў тэрмін.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о