25 і 26 кастрычніка горад Жлобін прымаў удзельнікаў і гасцей рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Марафон адзінства”, ініцыятарам якой у Дзень народнага адзінства выступіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Удзел у суботніх мерапрыемствах прыняла і дэлегацыя Петрыкаўскага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Верамеевым.
Знакавая для Гомельскага рэгіёна падзея прайшла магутна, маштабна і маляўніча. Жлобінчане і госці горада ўдзельнічалі ў квэстах, наведвалі выставы і перасоўную экспазіцыю Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны, частаваліся стравамі, якія прапанавалі ім фуд-тракі.
На лакацыях-выставах, якія разгарнуліся побач з Лядовым палацам, гасцям мерапрыемства былі прадэманстраваны дасягненні Гомельшчыны і нашай краіны ў сферы эканомікі і культурна-навуковага развіцця за перыяд суверэннага развіцця краіны. Так, усё, што мы маем сёння ў Беларусі, стала магчымым дзякуючы згуртаванай працы нацыі і дакладнаму курсу на суверэнітэт і развіццё, вызначаным Прэзідэнтам нашай дзяржавы. Мы адна краіна, адна сям’я і толькі ў адзінстве наша сіла, наша будучыня і будучыня нашых дзяцей.
Вельмі сімвалічным было і адкрыццё на адным з фасадаў дамоў маладзёжнага арт-аб’екта, мурала “Будучыня Беларусі ў тваіх руках”. На сцяне намаляваны тры рукі – жаночая, мужчынская і дзіцячая. На далонях – стылізаваны контур краіны. Малюнак сімвалізуе маладую сям’ю, імкненне да захавання міру і парадку. Таксама гэта напамін аб тым, што будучыня дзяржавы ў руках кожнага з нас.
Завяршальным яркім акордам марафону ў горадзе металургаў быў вялікі канцэрт “Час выбраў нас”, які даў магутны зарад энергіі, станоўчых эмоцый і гонару за нашу любімую Беларусь.
Дзмітрый Круты, Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у сваёй прывітальнае прамове адзначыў, што запыт грамадства на культуру вялікі, таму па ініцыятыве Прэзідэнта па краіне з размахам ідзе культурна-грамадская акцыя – Марафон Адзінства. Адна з мэт якой — паказаць мясцовыя таленты, запаліць новыя зоркі, даць пуцёўку ў сцэнічнае жыццё яркім, маладым, амбіцыйным артыстам.
Вадзім Гігін, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, зазначыў, што гасціннасць, добразычлівасць, спагадлівасць, памяркоўнасць… – цудоўныя якасці беларусаў. Аднак галоўныя – працавітасць і адказнасць. Усё тое, што створана ў Беларусі, мае адзнаку гатунку вышэйшай якасці.
Старшыня аблвыканкама Іван Крупко са сцэны Лядовага палаца ў Жлобіне падзякаваў арганізатарам і ўдзельнікам “Марафону адзінства” за цеплыню і натхненне.
– Каб выканаць задачы, час выбраў нас. Наша мэта – моцная, квітнеючая, незалежная Беларусь. Сёння – для нас, заўтра – для нашых дзяцей. Мэта дасягальная, таму што мы ідзём да яе разам пад кіраўніцтвам нашага лідара Аляксандра Лукашэнкі, – падкрэсліў губернатар.
Менавіта ў гонар Прэзідэнта гучала ў Лядовым палацы ў суботні вечар і “Балада аб дыктатары”, якая стала творчым сюрпрызам для Аляксандра Лукашэнкі і была ўпершыню выканана ў Дзень народнага адзінства. Як справядліва заўважыў аўтар песні, – так, у нас дыктатура – дыктатура справядлівасці, дабра, міру і спакою. І сёння ўсяму свету зразумела адно: без перабольшання, сіла беларускага народа – у адзінстве. Адзінстве каштоўнасцей, адзінстве мэт і задач.
Сваім меркаваннем пра Марафон і адзінства з нашым карэспандэнтам падзяліўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Верамееў:
– Складана пераацаніць значнасць адзінства, бо менавіта дзякуючы нашай сумеснай рабоце на карысць краіны і ў імя светлай будучыні нашых дзяцей, Беларусь актыўна развіваецца апошнія 30 гадоў.
Мы вельмі шчаслівыя людзі, бо ўсе разам стварылі сабе суверэннае шчасце пад назвай Беларусь. На сённяшні дзень наша галоўная задача – заставацца згуртаванымі, каб зберагчы краіну і захаваць у ёй мір.
Марафон Адзінства працягне сваё шэсце па краіне. Наступны населены пункт, які прыме эстафету культурна-асветніцкага праекту – горад Пінск.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.
Оставить комментарий