Другая сусветная вайна пакінула пасля сябе шмат горкіх дат, напоўненых памяццю, горыччу і болем….
Адна з іх – 27 студзеня – Дзень памяці ахвяр Халакосту, дзень вызвалення вязняў лагера Асвенцым.
У гэты жалобны дзень свет успамінае тых, хто прайшоў праз жудасны эксперымент здзекаў, нястачы, смерці. Тых, хто выжыў, і тых, хто застаўся назаўсёды там, на чужой зямлі бездыханым целам ці попелам. На жаль, акрамя сумна вядомага лагера Асвенцым, былі і іншыя “фабрыкі смерці”, не менш жудасныя, у якіх растварыліся, як у невядомасці, тысячы беларусаў. Праз горан такіх лагераў прайшлі сотні жыхароў Петрыкаўшчыны, мы вам раскажам пра дваіх.
Гісторыя, як я мяркую, тыповая для часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Жылі ў Капаткевічах два браты Майсейшыны – Сідар, 1895 года нараджэння, і Харлан, 1908 года нараджэння. Сідар Купрыянавіч быў вядомы ў мясцовасці, як першы калгаснік, які засвоіў новую тэхніку – трактар. Браты мелі сем’і, вялі гаспадарку, працавалі ў калгасе, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна.
Сідар быў мабілізаваны ў чэрвені 1941 года. Са сваёй воінскай часцю ён змагаўся пад Ржэвам, дзе ішлі кровапралітныя баі. Там, 6 кастрычніка 1941 года ён трапіў у палон. Далей шлях Сідара Купрыянавіча ляжаў на захад, у лагер Эрбке (Шталаг 321 (XI D). Гэта было тыповае месца для такіх лагераў – агароджаная ахоўваемая тэрыторыя, якая не мела ні якіх пабудоў. Ваеннапалонныя жылі ў самаробных палатках і шалашах з падручнага матэрыялу. К лістападу, па дадзеных нямецкага камандавання, у лагеры Эрбке знаходзілася прыкладна каля 14 тысяч ваеннапалонных. Будаўніцтва баракаў для іх пачалося толькі 1 снежня 1941 года. Сідар гэтага не дачакаўся: ён памёр 15 лістапада ад знясілення. Пахаваны быў наш зямляк у агульнай магіле №50 на лагерных могілках. Гэтыя звесткі родныя атрымалі з выпіскі, што прыйшла на іх запыт у 1956 годзе.
Лёс другога брата, Харлана Майсейшына, заставаўся невядомым доўгі час. Пасля пашырэння адцыфраванага матэрыялу на БД “Памяць народа”, адкрылася заслона таямніцы і пра яго гібель. Майсейшын Харлан Купрыянавіч, чырвонаармеец, згодна з уліковых дакументаў, трапіў у палон у Капаткевічах 27 ліпеня 1941 года. Спачатку мужчына быў у Штатлагу ІІ 23, які размяшчаўся на тэрыторыі Беларусі, а 2 кастрычніка 1941 года разам з іншымі накіраваны ў Хаммерштайн альбо Штатлаг ІІ F (315). Усходняя частка гэтага лагера будавалася з чэрвеня 1941 года для прыняцця рускіх салдат, захопленых у ходзе аперацыі “Барбароса”. З ліпеня па снежань 1941 года адбывалася масавае паступленне палонных у лагер, яны размяшчаліся за межамі лагера на адкрытай прасторы.
Каб схавацца ад холаду, зняволеныя капалі сабе норы ў зямлі і там начавалі. Са снежня 1941 года палонных перавялі ў неацяпляльныя баракі, у якіх адсутнічалі падлога і вокны. Асноўнымі прычынамі смерці ў Штатлагу ІІ F былі голад, холад, антысанітарыя, адсутнасць медыцынскай дапамогі, а таксама эпідэмія брушнога тыфу, якая доўжылася да сакавіка 1942 года.
Моцны арганізм дапамог Харлану Майсейшыну перажыць тыф, але 12 чэрвеня 1942 года ён памёр. Пахаваны наш зямляк на лагерных могілках у магіле №204.
Уліковы дакумент захаваў нам фотакартку Харлана, адбітак указальнага пальца, імя бацькі – Купрыян, дзявочае прозвішча маці Дашкевіч і імя жонкі – Анастасія. А таксама фізічныя параметры: ростам Харлан быў 173 см, меў светлыя валасы і ўліковы лагерны нумар 10298.
У лёсе братоў прасочваецца сістэма: смяротнасць сярод ваеннапалонных была вельмі вялікай, і рэдка хто мог выжыць, вытрымаць у такіх умовах больш чым год.
Парадкавыя нумары на руках, строгі ўлік, мінімум ежы, холад і цяжкая праца – такімі былі ўмовы ў лагерах смерці і канцэнтрацыйных лагерах – выжывалі адзінкі.
Кажуць, вайна заканчваецца, калі пахаваны апошні салдат. На жаль, наша вайна скончыцца не хутка, бо тысячы лёсаў застаюцца не вядомымі. І мы павінны зрабіць усё, каб вярнуць іх з нябыту.
Даведачна:
У наш час з’явілася магчымасць адшукаць звесткі пра сваіх родных, даведацца, як і дзе загінулі сваякі, якія доўгі час лічыліся “прапаўшымі без вестак”.
Кожны з нас можа гэта зрабіць праз пошук сярод адцыфраваных уліковых дакументаў ваеннапалонных, якія размешчаны ў адкрытым доступе ў БД “Памяць народа”.
Ва ўліковай картцы ваеннапалоннага пазначалася імя, прозвішча і імя па бацьку на двух мовах – рускай і нямецкай. Дадзеныя занатоўваў сам ваеннапалонны, альбо нехта іншы па яго просьбе. Акрамя таго, запісваліся дадзеныя бліжэйшых родных і іх адрас. На уліковай форме была фотакартка (але не на ўсіх), а вось адбітак указальнага пальца правай рукі – абавязковая ўмова. Пазначаўся рост, колер валасоў, стан здароўя, дзе трапіў у палон і прычына смерці, меліся адзнакі, адкуль прыбыў чалавек, калі памёр і дзе пахаваны. З фотакартак гэтых дакументаў на нас праз гады пазіраюць вочы тых, хто апынуўся ў гэтых страшэнных месцах і застаўся там назаўжды.
Надзея Сігай.







Оставить комментарий