Рабочую нараду па актуальных пытаннях нарыхтоўкі кармоў і арганізацыі азімай сяўбы на палетках ААТ “Курыцічы” правёў на мінулым тыдні старшыня райвыканкама Аляксандр Верамееў.

Час прыспешвае – трэба паскарацца

У час нарады старшыня нагадаў кіраўнікам гаспадарак, што губернатарам вобласці Іванам Крупко перад аграрыямі Гомельшчыны пастаўлена задача – завяршыць уборку кукурузы да 5 кастрычніка, сяўбу азімых – да 20.
– Пры засушлівым надвор’і, з якім сёлета мы маем справу, нельга марудзіць з нарыхтоўкай кукурузы на сілас. З кожным днём культура перасыхае, губляючы свае спажыўныя якасці. Таму перад кожнай гаспадаркай раёна сёння стаіць задача – павялічыць тэмпы нарыхтоўкі кармоў. Так, паказчыкі на сённяшні дзень маем неблагія, аднак гэта не нагода для заспакаення, – пазначыў у час выязной нарады кіраўнік раёна.
Па аператыўнай інфармацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, па стане на 16 верасня ў гаспадарках раёна нарыхтавана 67 тысяч тон сенажу, што складае 113 % ад гадавога задання. На жаль, змінусавалі да мінулагодняга паказчыку, аднак рэзерв яшчэ ёсць.
Што да сіласу, то ў ямах і траншэях ужо “закрыта” каля 77 тысяч тон, што складае 49% ад агульнай плошчы адведзеных на сілас палеткаў, пры сярэднеабласным паказчыку – 39,5%.
З нарыхтоўкай сена таксама сітуацыя складваецца нядрэнна: па аператыўных дадзеных, на раніцу панядзелка сельгасарганізацыямі раёна нарыхтавана 6,383 тысячы тон, што перавышае мінулагодні паказчык на 1,275 тоны і складае 59% ад гадавога задання.
Што да агульнай лічбы кармавых адзінак, нарыхтаваных на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы, то па стане на 16 верасня яна складае 21,5 цэнтнера, ці 65% ад задання, пры абласным паказчыку адпаведна 18 цэнтнераў і 55%.
Закранулі на выязной нарадзе і пытанне якасці нарыхтоўкі кармоў.
– Сур’ёзна прашу аднесціся і да якасці “закрыцця” сіласных ям і траншэй. Чаргуючы сухі і зялёны сілас мы павялічым яго спажыўную вартасць, – звярнуўся да прысутных на нарадзе Аляксандр Верамееў. – Памятайце: якасны корм – гэта высокія надоі і прывагі, гэта вашыя вытворчыя паказчыкі і, адпаведна, вашыя грошы.
Што да азімай сяўбы, то, па меркаванні кіраўніка раёна, варта памятаць пра пераемнасць культур і ўлічваць гэты факт пры планаванні плошчаў пад тую ці іншую культуру.
Па аператыўных дадзеных, на 16 верасня пад азімыя яравыя засеяна 3,863 тысячы гектараў пры заданні 10,440. Што да паказчыкаў курыціцкіх аграрыяў, на чыіх палетках і праходзіла нарада, то па сяўбе гаспадарка мае лепшы вынік у раёне: з запланаваных 800 тысяч гектараў пасеяна 433 ці 54%.
Абмеркавалі на нарадзе і надзённыя пытанні тэхнічнага стану тэхнікі, рабочага дня механізатараў.
Асобнай тэмай на нарадзе гучала пытанне падключэння дызельгенератараў, якія для сельгасарганізацыі раёна былі набыты за сродкі з фонду ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый. Па інфармацыі першага намесніка старшыні райвыканкама Алега Козінца, работы вядуцца і ў бліжэйшы час будуць завершаны.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о