20 верасня вучні трох школ раёна Ляскавіцкай, Брынёўскай і Капцэвіцкай – сталі членамі школьнага лясніцтва.
Прырода дае чалавеку ўсё неабходнае для яго існавання. Часта людзі гэтага не шануюць, пачынаюць зрываць кветкі, галінкі, пры гэтым нічога добрага не даюць узамен прыродзе.
Школьныя лясніцтвы, якія былі створаны пры цеснай узаемасувязі школ з Нацыянальным паркам “Прыпяцкі”, – гэта клуб аднадумцаў, якія аб’яднаны галоўнай ідэяй: захаваць дзікую прыроду, без якой немагчыма жыццё чалавецтва.
Гасцямі мерапрыемства сталі супрацоўнікі Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”: вядучы інжынер лясной гаспадаркі Марына Токар, начальнік лесагадавальніка Ляскавіцкай эксперыментальнай лесапаляўнічай гаспадаркі Марына Голік, намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце Святлана Швец, а таксама настаўнік біялогіі ДУА “Ляскавіцкая сярэдняя школа” Людміла Рубіс. Гэтыя людзі, як ніхто іншы, ведаюць усе тонкасці працы ў навакольным асяроддзі. Кожны з гасцей выступіў з віншавальным словам і пажадаў маладым ахоўнікам лесу плённай працы, моцнага здароўя і стваральнай службы на карысць прыроды і людзям.
Пасля віншавальных слоў кожны з вучняў атрымаў памятныя падарункі.
Юныя лесаводы падчас мерапрыемства не толькі прысягнулі, але і прадэманстравалі свае творчыя таленты.
Завяршылася свята пасадкай памятнай алеі дрэў, якая будзе расці і радаваць кожнага, хто наведае Нацыянальны парк.
Магчыма, для кагосьці з навучэнцаў школьнае захапленне стане прафесіяй на ўсё жыццё.
Людміла Рубіс, настаўніца Ляскавіцкай сярэдняй школы:
– Дзякуючы школьнаму лясніцтву мы прыцягваем дзяцей да вывучэння прыроды, а таксама гэта з’яўляецца і добрай прафарыентацыйнай работай: нехта з дзяцей палюбіць гэтую справу і захоча звязаць з ёю жыццё. Дарэчы, у мінулым навучальным годзе вучань 9 класа нашай школы ўзяў накіраванне на вучобу ад Нацыянальнага парка і звязаў свой лёс з лесам.
Ахова прыроды – справа кожнага з нас!
Анастасія ФЕЛЬКІНА,
фота аўтара.
Оставить комментарий