У аўторак, 26 снежня, у рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” на базе спартыўнай залы ДЮСШ прайшоў традыцыйны турнір па міні-футболе “Петрыкаўская сняжынка — 2023”.

Чаканы турнір для маленькіх спартсменаўСпаборніцтвы сабралі спартсменаў 2011 года нараджэння і малодшых з трох петрыкаўскіх каманд і дружыны з Капаткевічаў.
Святочная частка мерапрыемства распачалася з візіту Дзеда Мароза і Снягуркі. Па традыцыі, дзядуля прапанаваў удзельнікам кожнай з каманд паспрабаваць яго спрытнасць у якасці брамніка і прабіць па варотах. Але, як бы не пераконваў Мароз у тым, што трэніраваўся на працягу ўсяго года, кожны ўдзельнік конкурсу здолеў забіць свой мяч. Потым дзяцей чакала віктарына на веданне самай папулярнай у свеце гульні.

Пасля распачалася спартыўная частка мерапрыемства. Спаборніцтвы праходзілі па кругавой сістэме і тут можна было пабачыць хіба не ўвесь спектр дзіцячых эмоцый. Пачыналі каманды часцяком асцярожна: ад ледзь заўважнага хвалявання і засцярогай памыліцца, да сапраўдных адчайных імклівых атак, пераможных крыкаў і маўклівага праглынання расчаравання.

Пасля гульняў былі вызначаны пераможцы. Так, трэцяе месца дасталася камандзе пад кіраўніцтвам Андрэя Паўтарана. Другое месца ў той дзень было за калектывам з Капаткевічаў на чале з трэнерам Валерыем Арыновічам, а перамогу святкавалі падначаленыя футбольнага настаўніка Жана Дубіны.
Цімур Туравец быў прызнаны лепшым брамнікам турніру, тытулам лепшага абаронцы быў ганараваны Аляксандр Казловіч. Самым удалым нападаючым быў названы Клім Кавальчук. Як самы трапны бамбардзір праявіў сябе Максім Рагалевіч, а званне лепшага іграка дасталася Віталю Аўчыннікаву.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о