Адбылося доўгачаканае шэсце Дзядоў Марозаў, Снягурак і казачных персанажаў, якое не толькі абвясціла на ўсю Петрыкаўшчыну, што галоўныя героі свята прыбылі, але і дало старт дабрачыннай рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”.
Чаканыя дзецьмі персанажы пачыналі свой шлях ад раённага Дома культуры. Ішлі яны, на чале з галоўнымі Дзедам Марозам і Снягуркай, павольна, вітаючы прысутных з надыходам калядных святаў. Дзятва не хавала эмоцый, дзялілася ўражаннямі ад пабачанага з сябрамі і роднымі. Больш старэйшыя госці ўрачыстасці не забываліся здымаць усё на тэлефон — пабачанае яшчэ не раз будзе пераглядацца з цёплымі ўспамінамі.
Каб госці свята сагрэліся, іх заклікалі далучацца да рухомых гульняў і танцаў. Але большасць загадзя скарысталася гэтай прапановай: калі бацькі яшчэ толькі вагаліся, то матулі, а разам з імі і большасць бабуль кідаліся ў скокі з малымі, кружыліся вакол навагодняга дрэва і падпявалі артыстам паз знаёмыя ўсім з дзяцінства кампазіцыі.
Распачыналася работа і ў Дзядоў Марозаў са Снягуркамі, якія ўважліва слухалі вершы, вывучаныя маленькімі землякамі з нагоды ўрачыстасці. Можна было пабачыць нават цэлыя чэргі вакол чарговых навагодніх герояў.
Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.
Оставить комментарий