Сучасная сям’я ў Беларусі – гэта, у большай ступені, адказная, любячая і клапатлівая ячэйка грамадства. На Петрыкаўшчыне шмат прыкладаў сем’яў, якія будуюць адносіны на любові і павазе адзін да аднаго, выхоўваюць годных грамадзян краіны. На іх і трэба раўняцца.
У біяграфіі маіх герояў ёсць тое, што выклікае асаблівую павагу: муж і жонка ў любові і згодзе выхоўваюць траіх дзяцей – дочак Паліну і Ясенію, сына Глеба. Размова пойдзе пра Сяргея і Анастасію Герасіменка, працавітых, любячых і сціплых землякоў з аграгарадка Курыцічы.
– Нашы старэйшая дачка і сын – пагодкі. Праз час на свет з’явілася яшчэ адна дачушка. Дзеці – гэта такое шчасце. У нас не было ніколі размовы пра тое, колькі павінна быць у сям’і дзяцей. Усё ішло паступова. І нараджэнне трэцяга было справай само сабой зразумелай, – дзеліцца Анастасія.
Сяргей і Анастасія пазнаёміліся калі дзяўчына з бацькам пераехалі жыць з вёскі Слабодка ў Курыцічы. Так гэтае месца стала для яе лёсавызначальным. Муж з жонкай гавораць: адзін аднаму спадабаліся адразу. Гераіня прызнаецца: адразу для сябе адзначыла, што Сяргей менавіта той чалавек, які ёй патрэбны. Пачалі сустракацца, а з цягам часу будаваць планы на сумесную будучыню. Выпрабаваннем на трываласць пачуццяў стала служба юнака ў войску. Але дзяўчына годна чакала свайго суджанага, а пасля яго вяртання ад былога салдата паступіла прапанова рукі і сэрца. Узаемна вырашылі застацца ў Курыцічах: тут усё знаёма, ды і да сельскага жыцця ніхто супраць не быў.
– Доўгі час мы пражывалі ў арэндным жыллі. Калі мы ўжо сталі шматдзетнай сям’ёй, скарысталіся льготным крэдытаваннем і набылі сваё ўласнае жыллё. Зараз уладкоўваемся на новым месцы, – працягвае жанчына. – Пастараліся і набылі “вугал” без сямейнага капіталу. Плануем выкарыстаць дзяржаўную падтрымку потым на патрэбы дзяцей.
– Сёння цяжка ўявіць наша жыццё адзін без аднаго, што лёс мог скласціся іншым чынам. А тое, што наша каханне памножылася на тры – вялікае шчасце, – уступае ў размову Сяргей. У нашым доме пануе атмасфера ўзаемаразумення. Гэта важны момант у выхаванні дзяцей. Жывём як усе звычайныя сем’і. Жонка працуе сакратаром у мясцовай школе, я вадзіцелям у прыватнай арганізацыі. Раніцай усе раз’язджаемся, расходзімся: хто ў школу, хто ў садок, а хто на працу. Вечарам жа ў хаце зноў шумна і весела – уся сям’я ў зборы. Усё гэта цудоўна!
Муж з жонкаю прызнаюцца: іх сям’я адно цэлае. Так, у кожнага ёсць свае інтарэсы і абавязкі, але ў любых складаных абставінах яны вырашаюць усё арганізавана, разам. Дарослым прыемна бачыць, як іх дзеці клапоцяцца адзін пра аднаго, жадаюць падзяліцца тым, што лічаць важным.
На пытанне: што для бацькоў самае галоўнае, адказваюць: каб дзеці былі здаровыя, вясёлыя, каб было шмат нагоды для радасці, каб жылося спакойна і ўпэўнена, у міры і згодзе.
Святлана СОБАЛЕВА.
Фота аўтара.
Оставить комментарий