Сёння краіна адзначае жалобную дату – Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Вялікая Айчынная вайна забрала жыцці мільёнаў грамадзян былога Савецкага Саюза. Кожны трэці жыхар нашай Беларусі стаў ахвярай гэтай страшнай трагедыі.
Маё пакаленне ніколі не забудзе тыя чорныя, злавесныя, поўныя гора часы. Фашызм прыйшоў на нашу зямлю, каб пабудаваць новы парадак. Для ўвасаблення ў жыццё сваіх планаў нацыстам служылі, у тым ліку, і лагеры смерці. На тэрыторыі Германіі было створана такіх 1634. Варта ўдумацца ў гэтую лічбу. Не магу не нагадаць самыя буйныя: Бухенвальд, Асвенцім, Майданек, Трэблінка, Заксенхаўзэн – тут крэматорыі дымілі чорным злавесным дымам круглыя суткі.
На беларускай зямлі было абсталявана 560 месцаў масавай гібелі людзей. Трасцянец, Азарычы, Чырвоны Бераг, Ала – болем адгукаюцца ў сэрцах беларусаў. Дзяцей масава вывозілі ў месцы, дзе ў шпіталях лячыліся параненыя ваякі вермахта. У іх забіралі кроў для параненнях салдат гітлераўскай арміі. Забіралі да апошняй кроплі, не пакідаючы ніякіх шансаў на жыццё.
Працаздольных жанчын адпраўлялі на будаўніцтва збудаванняў, якія ўзводзілі нацысты па ўсёй Еўропе. Потым іх знішчалі. Нечалавечыя пакуты прайшлі і нашы землякі, вязні фашысцкіх лагераў.
Пасля вызвалення жыхар вёскі Брынёў Андрэй Брызіцкі расказваў, што ён быў рабом у гаспадарцы нямецкага баўэра. З бліжэйшага канцлагеру гаспадару прывозілі мяхі попелу і зняволеныя сеялі яго на палетках для пшаніцы і цукровых буракоў. Андрэй плакаў, калі ўспамінаў, як яны сеялі той попел, бо ведалі: у іх руках тое, што засталося ад іх суайчыннікаў.
Мая стрыечная сястра была чатырнаццацігадовым падлеткам, калі гітлераўцы вывезлі яе ў Германію. Соня Сінцова трапіла ў канцлагер Дахаў. Непаўналетнія вязні працавалі ў ліцейных цэхах завода “Бамах-2”, які выпускаў дэталі для падводных лодак. Увесь светлавы дзень дзеці сеялі пясок. Кармілі толькі раніцай – з адходаў кармавых буракоў і кавалачка хлеба, і вечарам – лыжка зялёнага шпінату і дзве тры бульбачкі, якую варылі ў шалупінні. Тых, хто захварэў, забіралі, нібы ў бальніцу, але адтуль ніхто не вяртаўся. На тэрыторыі няспынна працаваў крэматорый. Акрамя дзіцячых баракаў, за калючым дротам, праз які быў пушчаны электрычны ток, знаходзіліся баракі для ваеннапалонных.
Малодшая сястра майго бацькі Вольга Купрацэвіч была ў тым жа Дахаў. Дзяўчыне было сямнаццаць гадоў, калі яе сілаю ў таварных вагонах з Жыткавічаў завезлі ў Мюнхен. Выгрузілі на пляцоўцы, акружанай гітлераўцамі з сабакамі. У жанчын адабралі дзяцей, некаторым з якіх было па 2-3 гады. Калі матуля не аддавала дзіця, яе жорстка збівалі, а малое забіралі. Куды і для чаго – ніхто не ведаў. Жанчын калонамі адганялі ў канцлагер, дзе прымушалі працаваць на ваенных заводах. Калі хто з іх выклікаў падазрэнне, што нібы не хоча працаваць, ахоўнікі вызывалі зондэр-каманду і шлях няшчаснай быў у газавую камеру.
Мне таксама давялося прайсці праз пекла палону. Я з маці была ў клясаўскім лагеры. Помню словы матулі: “Калі б не было вайны, то ты б хадзіла ў школу”. Як выжылі ў тых умовах – аднаму Богу вядома. Немцы пад націскам Чырвонай арміі ў спешцы адступалі і хворых, змучаных палонных не расстралялі толькі таму, што людзі ляжалі і не маглі нават рухацца. Акупанты думалі, што такія ўжо не выжывуць.
Дзень 11 красавіка стаў сімвалам вызвалення зняволеных з нямецкіх канцлагераў смерці. Здавалася б, што нацызм ужо ніколі не зможа ўзняць галавы, каб адрадзіць антычалавечную ідэалогію. Ды не, некаторыя “супердзяржавы” меркавалі інакш. За акіянам не спыняліся падтрымліваць прыхільнікаў нацысткай ідэалогіі, і мы бачым да чаго гэта прывяло на прыкладзе Украіны.
Успамінаецца песня “Бухенвальдскі набат”, прысвечаная тым далёкім бесчалавечным падзеям. Песня-рэквіем, якую часта можна было пачуць раней і якую слухалі стоячы. Бухенвальдскі набат павінен гучаць з новай сілай, напамінаючы нам: мір патрэбна засцерагаць.
У гады гітлераўскай акупацыі вядомы чэшскі журналіст, камуніст Юліўс Фучык, якога закатавалі ў гестапаўскай турме, звярнуся да народаў Еўропы: “Людзі, будзьце пільнымі!”. Яго словы актуальны і ў нашыя дні. Мы, у нейкі час страцілі пільнасць. Злавесны цень нацызму зноў сноўдаецца паблізу нашых мірных хацін.
Ніна АЧАПОЎСКАЯ.
Оставить комментарий