У пятніцу, 27 верасня, па ўсёй краіне адбудзецца Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху “Не будзь невідзімкай — засвяціся ў цемры!”, накіраваны на прапаганду выкарыстання святловяртальных элементаў і камізэлек павышанай бачнасці сярод пешаходаў, веласіпедыстаў і вознікаў гужавога транспарту.
За 8 месяцаў бягучага года на тэрыторыі Гомельшчыны зарэгістравана 240 ДТЗ, у якіх 28 чалавек загінулі і 267 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. З агульнага ліку здарэнняў вобласці: 68 выпадкаў — наезды на пешаходаў, дзе 16 чалавек загінулі і 60 былі траўміраваны; 35 ДТЗ адбылося з удзелам веласіпедыстаў, дзе 2 чалавекі загінулі і 34 атрымалі траўмы.
На вялікі жаль, шэраг пешаходаў абыякава ставяцца да такой меры бяспекі, як выкарыстанне святловяртальных элементаў, лічаць яе неабавязковай, а на веласіпедах, мапедах і гужавых павозках светлавыя фары ці ліхтары наўпрост адсутнічаюць. Разам з тым, у адпаведнасці з пунктам 17.1 ПДР, пры руху па ўскрайку праезнай часткі ў цёмны час сутак пешаход павінен абазначыць сябе святловяртальным элементам, а ў адпаведнасці з пунктам 149 ПДР пры руху ў цёмны час сутак ці пры недастатковай бачнасці на веласіпедзе, мапедзе павінны быць уключаныя: спераду — фара (ліхтар), што выпраменьвае святло белага колеру, ззаду — ліхтар са святлом чырвонага колеру. Аналагічныя правілы распаўсюджваюцца і на гужавыя павозкі — пункт 159 Правілаў дарожнага руху.
Сумны прыклад абыякавага стаўлення да названых мер бяспекі меў месца днямі ў Петрыкаве. 16 верасня, рухаючыся па вуліцы Ленінскай на аўтамабілі “Аўдзі-100”, вадзіцель здзейсніў наезд на 63-гадовага пешахода, які не быў абазначаны святловяртальным элементам і знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. Перад наездам пацярпелы сядзеў па цэнтры праезнай часткі, поруч са сваім веласіпедам. З траўмамі ён быў дастаўлены ў бальніцу.
Гэтага здарэння можна было б пазбегнуць, калі пешаход замацаваў на вопратцы святловяртальны элемент. Таксама нагадаем, што адзін з самых дзейсных спосабаў для пешаходаў засцерагчы сябе на дарозе — бездакорнае выкананне правілаў пераходу дарогі толькі ў спецыяльна вызначаных месцах і на зялёнае святло святлафора, пры яго наяўнасці.
За невыкарыстанне святловяртальнага элемента ў цёмны час сутак прадугледжана адміністрацыйная адказнасць — штраф да 3-х базавых велічынь, а калі пешаход знаходзіцца ў нецвярозым стане, памер штрафу ўзрастае ад 3-х да 5-ці базавых велічынь.
Сяргей МІЦУРА,
начальнік АДАІ РАУС.
Оставить комментарий