Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – тэма сустрэчы старшыні Петрыкаўскага райвыканкама Аляксандра Верамеева і членаў інфармацыйнай групы з жыхарамі аграгарадка Колкі.
Падчас сустрэчы з вяскоўцамі гаворка ішла пра падрыхтоўку і правядзенне выбарчай кампаніі ў краіне, ролю інстытута прэзідэнцтва, дасягненні суверэннай Беларусі.
Галоўны ідэолаг раёна Святлана Блінец прывяла важкія аргументы, чаму кожны з нас павінен прыйсці на выбары:
– Любая электаральная кампанія мае вялікае значэнне для краіны. А выбары Прэзідэнта – галоўная палітычная падзея, паколькі менавіта яны прадвызначаюць нашу будучыню.
Дакладчык акцэнтавала ўвагу прысутных на тым, што наша краіна забяспечвае сябе ва ўсіх важных сферах жыцця. Менавіта пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі ўдалося не толькі захаваць і мадэрнізаваць нашы прамысловыя гіганты, але і стварыць зусім новыя, высокатэхналагічныя прадпрыемствы. Больш за тое, нязменным нацыянальным брэндам Беларусі застаецца сацыяльная дзяржава, якая праяўляе клопат пра сваіх грамадзян, актыўна развіваючы сістэму аховы здароўя і сацыяльную сферу, аказваючы дапамогу малазабяспечаным слаям насельніцтва. Размова ішла і пра сельскагаспадарчую галіну: Беларусь забяспечвае сябе ў поўным аб’ёме малочнымі і мяснымі прадуктамі харчавання і мае магчымасць экспартаваць айчынныя тавары суседзям.
У час сустрэчы ўзнімаліся пытанні кіберзлачыннасці і інтэрнэтмахлярства, якія пачасціліся ў краіне і маюць месца на Петрыкаўшчыне, медыцынскага і камунальнага абслугоўвання насельніцтва аграгарадка. З інфармацыяй перад прысутнымі выступілі начальнік РАУС Віталь Маркевіч, галоўны ўрач ЦРБ Яўген Логвінец і дырэктар райжылкамгасу Сяргей Гайчук.
Насельніцтва аграгарадка ў сваю чаргу ўзнімала пытанні абсталявання пляцоўкі для збору буйнагабарытнага смецця, рамонту арэнднага жылля і дамоў, што перададзены гаспадаркай на абслугоўванне райжылкамгасу, правядзення медаглядаў вузкімі спецыялістамі і аказання шэрагу медыцынскіх паслуг, аказання побытавых паслуг парыкмахерам і іншыя. Частка пытанняў вырашана ў час сустрэчы, па асобных дадзены тлумачэнні, некалькі ўзяты на кантроль.
У завяршэнні сустрэчы, Аляксандр Верамееў прызваў удзельнікаў адкрытага дыялогу быць патрыётамі і прыйсці на выбары.
– Галасаванне – гэта праяўленне сапраўднага патрыятызму.
Ставячы “галачку” ў бюлетэні, вы пішаце сваю гісторыю, разумеючы, што галасуеце не толькі за канкрэтнага чалавека, выбіраеце не проста Кіраўніка дзяржавы, а мірнае развіццё нашай Беларусі, – дадаў кіраўнік раёна.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.
Оставить комментарий