На сённяшні дзень у Маладзёжны савет пры Петрыкаўскім раённым Савеце дэпутатаў уваходзіць нямала таленавітых, перспектыўных прадстаўнікоў розных прафесій.
Адна з іх – Ангеліна Пінчук, аператар пульта ўпраўлення падземнага ўчастка вентыляцыі і бураўзрыўных работ рудніка Петрыкаўскага рудаўпраўлення ААТ “Беларуськалій”.
Праца нашай гераіні – нялёгкая і вельмі важная. Чалавек, які займае такую пасаду, адказвае за кантроль і каардынацыю працэсаў на рудніку, каб забяспечыць эфектыўную здабычу калійных угнаенняў. Аператар пульта кіравання павінен быць уважлівы да дэталяў, умець прымаць хуткія рашэнні і быць гатовым да працы ва ўмовах высокай адказнасці.
– Як вы выбіралі сваю прафесію?
– Мая прафесія была абраная не выпадкова, – распавядае Ангеліна, – яшчэ будучы навучэнкай гімназіі горада Петрыкава вельмі любіла геаграфію і падарожжы, таму выбрала факультэт “геаграфіі і геаінфарматыкі” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ужо ў час вучобы вяла актыўнае грамадскае жыццё. Ва ўніверсітэце чатыры гады была актыўным членам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, таксама я займалася маладзёжнай палітыкай і арганізацыяй маладзёжных ініцыятыў. Таму калі прапанавалі ўвайсці ў састаў Маладзёжнага савета пры Петрыкаўскім раённым савеце дэпутатаў – я з задавальненнем пагадзілася стаць часткай гэтай важнай працы, і спадзяюся, што ўнясу свой уклад, ідэі ў развіццё нашага горада.
– У якіх краінах свету вы бывалі?
– Мне давялося пабываць у многіх краінах свету. Вельмі спадабалася ў Кыргызстане, Кітаі, Амане, Казахстане, Эміратах, многіх краінах Еўропы, але заўсёды з неверагоднай любоўю і трапятаннем вяртаюся ў Петрыкаў, у горад, які стаў такім родным.
Практыкую вандроўкі не толькі за мяжу, але і па родным краі.
– Якія цікавыя мясціны вы наведалі ў нашым раёне?
– Вельмі спадабаліся ДОТы Петрыкаўскага раёна, крыніца мінеральнай вады ў Капаткевічах, урочышча гары Каўпак,недалёка ад вёскі Чалюшчавічы, Нацыянальны Парк “Прыпяцкі”.
Прыемна адзначыць, што маім сябрам з Мінска вельмі падабаецца наш горад, прыязджаючы кожны раз, яны ў захапленні ад нашых краявідаў.
– Як вы лічыце, ці можна захаваць любоў да роднага краю і перадаваць яе моладзі?
– Так, гэта магчыма. Галоўнае – паказаць маладым людзям усю прыгажосць і ўнікальнасць свайго роднага краю, расказваць ім пра яго гісторыю і традыцыі. Таксама важна быць прыкладам для іх, прадэманстраваць свой гонар за сваё месца і вучыць іх берагчы гэтую спадчыну.
– Як вы самі сябе бачыце ў працэсе перадачы любові да роднага краю маладому пакаленню, школьнікам?
– Я гатова дзяліцца сваім досведам, ведамі, каб дапамагчы ім зразумець значэнне і каштоўнасць свайго роднага краю.
Любоў да роднага краю – гэта важная частка нашай ідэнтычнасці, і я хачу, каб моладзь таксама адчувала гэтую сувязь і ганарылася сваім месцам.
Марыя ТАМКО,
фота з архіва героя.
Оставить комментарий