У вялікай зале раённага выканаўчага камітэта адбыўся Прэзідыум Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў па зацвярджэнні кандыдатаў у Маладзёжны савет пры раённым Савеце дэпутатаў.
Па рашэнні Прэзідыума, абраны 31 дэлегат ва ўзросце ад 18 да 31 года. Гэта прадстаўнікі працоўных калектываў, устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый Петрыкаўшчыны.
У святочнай атмасферы за актыўны ўдзел у сацыяльным і культурным жыцці, рэалізацыі маладзёжнай палітыкі на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна Ганаровай граматай Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў узнагароджана Юлія Ліпская. Падзяка ад раённага Савета дэпутатаў аб’яўлена: Марыі Тамко, Дыяне Дрогун, Сяргею Шамра, Паліне Бычкоўскай.
Старшынёй маладзёжнага савета стала Марыя Тамко – карэспандэнт установы “Рэдакцыя газеты “Петрыкаўскія навіны”, член маладзёжнага савета пры Петрыкаўскім раённым Савеце дэпутатаў.
Намеснікамі старшыні былі абраны: Алеся Некрашэвіч – член маладзёжнага савета, накіраваны калектывам сярэдняй школы № 2 г. Петрыкава, Максім Белакур – член маладзёжнага савета, накіраваны калектывам АУС Петрыкаўскага райвыканкама, Вадзім Лымар – член маладзёжнага савета, накіраваны калектывам ДПУ “Нацыянальны парк “Прыпяцкі”.
– Ваша энергія можа стаць рухаючай сілай для многіх. Натхняйце іншых сваім прыкладам! Дзякуючы вашаму ўдзелу ў жыцці раёна, мы можам выявіць лідараў маладзёжнага руху, рэалізаваць раённыя ініцыятывы і мерапрыемствы,– адзначыў старшыня Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў Віталій Пілер.
Віталій Уладзіміравіч пажадаў моладзі не баяцца праяўляць сябе, удзельнічаць ў грамадскім жыцці Петрыкаўшчыны. Маладзёжны савет – дарадчы орган, які функцыяніруе на грамадскіх пачатках і з’яўляецца эфектыўнай формай зносін моладзі з кіраўніцтвам горада, а таксама механізмам супрацоўніцтва дзяржаўных органаў з моладдзю.
Марыя Тамко, фота аўтара.
Оставить комментарий