Прафесія цялятніцы ў сельскай гаспадарцы ў ліку самых запатрабаваных і ў той жа час адказных. Яно і зразумела: менавіта ад іх стараннай і самаадданай працы залежыць прадукцыйнасць статку. Так, менавіта яны, без перабольшання, закладваюць падмурак будучай мяса-малочнай вытворчасці сваёй гаспадаркі.

Наша сённяшняя гераіня, нягледзячы на свой малады ўзрост, да даручанага ўчастку работы ставіцца з усёй адказнасцю, таму ад кіраўніцтва гаспадаркі амаль штодзень чуе словы падзякі за якасную работу.
Крысціна Рублеўская працуе на МТФ участка “Вялаўск” СУП “Палессе-Аграінвест” паўгода. Ураджэнка і жыхарка вёскі Глініца Мазырскага раёна, студэнтка-завочніца Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта абрала для сябе няпросты шлях жывёлавода. Аднак, па словах Крысціны Рыгораўны, работа ёй падабаецца.
І ўсё ж, як нам здаецца, весці жывёлу ад моманту нараджэння да двухмесячнага ўзросту – вельмі складаная праца. Маленькія цяляты яшчэ даволі слабыя, яны толькі пачынаюць набіраць сілу, могуць хварэць, таму на цялятніцу ўскладваецца вялікая адказнасць: пры неабходнасці своечасова звярнуцца за дапамогай да ветурача, правільна даглядаць за малымі, ведаць, як іх напаіць, якой тэмпературы павінна быць малако.
Складанасцяў, як бачым, дастаткова, але наша гераіня іх не баіцца, да справы ставіцца надзвычай узважана, таму менавіта ёй і даручылі займацца самымі маленькімі жывёламі.
– У працы на ферме няма нічога складанага, проста спачатку можа быць цяжкавата з-за фізічнай нагрузкі, – дзеліцца Крысціна Рыгораўна. – Мне работа прыносіць задавальненне і што таксама важна – годны заробак.
Кожны мой працоўны дзень пачынаецца аднолькава: спачатку з напарніцай кормім цялят, якім 1-2 дні ад нараджэння. Для іх кармлення выкарыстоўваем паілкі з сос-кай. Да тыдня ім даем звычайнае малако, а затым пераводзім на пастэрызаванае. Першыя чатыры дні, пакуль выпойваем малодзівам – самыя адказныя і складаныя: цялятка трэба навучыць піць з соскі, паставіць на ногі і сачыць за тым, каб падчас паення галава была прыўзнятая. Таму прытрымліваю яе вольнай рукой. Некалькі нязграбных рухаў, доля цярпення і, вядома ж, дапамога напарніцы – і цялятка ўжо разумее, як не застацца галодным (усміхаецца).
Наступнымі ежу атрымліваюць большыя цяляты. Яны п’юць з вёдраў, таму тут ужо лягчэй. Аднак яны ўжо больш кантактныя, як дзеці, чакаюць нас, голас пачуюць – рыкаюць, кожны наровіць абліць і зажаваць вопратку, але хіба на іх можна крыўдзіцца. Вядома, у кожнага цяляці характар свой: адзін вясёлы, гарэзлівы, скача ў прасторнай клетцы, а другі на кантакт доўга не ідзе. Але рана ці позна ўсе яны да нас прывыкаюць, а мы да іх, – дзеліцца Крысціна.
– На ферме ў нас наладжаны пастаянны абавязковы кантроль за ўсімі жывёламі – і маленькімі, і дарослымі, – невытворчага выбыцця жывёл быць не павінна, – падкрэсліла ў канцы нашай размовы гераіня. – Мы ўсе сваю працу любім, таму і прыходзім сюды кожную раніцу ў выдатным настроі. Ну а з досведам, як вядома, прыходзіць і ўменне спраўляцца з абавязкамі хутчэй і якасней. Ды і сама праца становіцца не столькі сродкам заробку, колькі ладам жыцця, звычкай і вялікай прыхільнасцю да жывёл.
Чарговы раз пераканалася: прафесію цялятніцы дадзена асвоіць не кожнаму, яна пад сілу самым устойлівым і цягавітым. Бо якія б камфортныя ўмовы ні ствараліся на фермах і якія б тэхналогіі ні ўкараняліся, без ручной працы цялятніц не абысціся. Дзякуючы іх працавітым рукам расце і павялічваецца пагалоўе ў гаспадарках раёна.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о