Кіраўнік дзяржавы падчас рабочай паездкі ў Шклоў правёў нараду па пытаннях эфектыўнага развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці Шклоўскага і Аршанскага раёнаў. Пытанне, найважнейшае не толькі для гэтых раёнаў, але і для ўсёй краіны.

Без развіцця вёскі краіны не будзе

Напачатку сустрэчы Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, для чаго была арганізавана гэта нарада. Ён нагадаў, што ў свой час была прынята першая праграма адра-джэння вёскі. “Тады гэтая праграма адраджэння вёскі была фактычна праграмай выратавання вёскі. Вытокі гэтай праграмы ляжалі ў першай праграме Прэзідэнта “Адвесці краіну ад бездані”. Усё было проста – для таго, каб табе людзі паверылі і, больш за тое, пайшлі за табой, для таго, каб стабільнасць была ў дзяржаве, – людзей трэба было накарміць і апрануць. Тады ў нас з гэтым былі сур’ёзныя праблемы”, – нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прызнаў, што не адразу было знойдзена правільнае рашэнне, дапускаліся і памылкі. Адной з іх ён назваў курс на фермерства: “Хапіла ў нас розуму, і мусіць, не розуму, Бог нас выратаваў, мы гэтага не зрабілі. А парэзаць на шматкі зямлю, фермераў стварыць мы паспрабавалі. І паглядзіце на гэту праблему з сённяшняй вышыні – мы не на шматкі дзелім, мы больш за ўсё імкнемся да аб’яднання гаспадарак”, – звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прыняцце праграмы адраджэння вёскі заклала базу для развіцця сельскай гаспадаркі. Таму сёння, па яго словах, важна акрэсліць далейшыя шляхі па развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму ён так шмат увагі надае сельскай гаспадарцы: “Некаторыя гэта тлумачаць тым, што Лукашэнка – аграрнік, таму ён больш займаецца сельскай гаспадаркай. Ніякі я не аграрнік. У мяне глыбінных ведаў у сельскай гаспадарцы відавочна недастаткова, каб мяне звалі аграрнікам. Але душа ў мяне сялянская. Я разумею, што гэта галоўнае. Без развіцця вёскі краіны не будзе. Ні нашай, ні Расіі, ні Украіны. Мы славяне, людзі калектыўныя па свайму духу, па менталітэце. Таму сяло – гэта аснова”.

У час нарады Кіраўнік дзяржавы прывёў прычыны, па якіх сёння неабходна і далей развіваць сельскую гаспадарку. Першая: без сельскай гаспадаркі краіны няма. Другая: попыт на прадукты харчавання пастаянна ўзрастае і будзе расці, таму што ў свеце павялічваецца насельніцтва. І тут, як падкрэсліў Прэзідэнт, Беларусі важна не адстаць. Трэцяя: сельская гаспадарка дае добрае развіццё, валавы ўнутраны прадукт атрымлівае добры працэнт ад харчавання. Чацвёртая: імідж краіны. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што адзін чалавек у сельскай гаспадарцы забяспечвае работу ад 1 да 7 чалавек у горадзе. “Назавіце яшчэ адну такую галіну, якая так забяспечвае працай лю-дзей”, – задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Рыгоравіч.

“Можна шмат назваць прычын, якія штурхаюць нас да развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці. Але немалаважна тое, што мы ўмеем гэта рабіць. У нас створана добрая школа, у нас ёсць база. Мы, дзякуй Богу, не разбурылі той падмурак, які быў створаны ў савецкія часы для развіцця сельгасвытворчасці, які ў тым ліку цягне вялікі кавалак прамысловасці: машынабудаванне займае, напэўна, палову нашай прамысловасці. Гэта вялікая справа. Я яшчэ раз паўтараю, можна шмат назваць прычын, каб абгрунтаваць далейшыя захады па развіцці вёскі”, – падкрэсліў Прэзідэнт.

Галіна КАЗАКФота БелТА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о