“Без права на памылку”

0
209

“Без права на памылку”Ад іх зоркага вока не скрыецца ні адна дэталь, ім падабаюцца загадкі і галаваломкі, а верным памочнікам з’яўляецца чамадан з рознымі інструментамі і парашкамі.
22 красавіка Беларусь адзначыла прафесійнае свята людзей, ад якіх у многім залежаць справядлівасць судовых рашэнняў і аб’ектыўнасць расследаванняў. Менавіта ў гэты дзень у 2013-м быў падпісаны ўказ аб утварэнні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, якому сёлета споўнілася дванаццаць гадоў.
Напярэдадні ўрачыстай даты мы пагутарылі з начальнікам Жыткавіцкага міжраённага аддзела дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, падпалкоўнікам юстыцыі Дзянісам Цішкевічам.

Дзяніс Іванавіч ураджэнец аграгарадка Бабунічы. У 2005 годзе паступіў у Акадэмію МУС на следча-экспертны факультэт.Скончыўшы акадэмію, адразу прыступіў да працы. У экспертна-крыміналістычнай службе МУС ён ужо каля 15 гадоў, з іх амаль 12 гадоў – ва ўтвораным у 2013 годзе экспертным ведамстве.
– Судовая экспертыза ўключае тры асноўныя напрамкі: агляд месца здарэння, правядзенне экспертыз і вядзенне ўлікаў. Існуе некалькі дзясяткаў розных экспертыз, але нашы крыміналісты найбольш часта выкарыстоўваюць дактыласкапічную, трасалагічную, почырказнаўчую, балістычную і тэхнічную экспертызу дакументаў, партрэтную і экспертызу халоднай зброі. Наша асноўная задача – прадастаўляць суду аб’ектыўныя і навукова абгрунтаваныя заключэнні, якія дапамагаюць у вырашэнні крымінальных і грамадзянскіх спраў.
Злачынствы, надзвычайныя здарэнні, негвалтоўная смерць адзінока пражываючых або замежнікаў, суіцыд – усюды на месца здарэння выязджаюць эксперты. Іх дзеянні праходзяць прыкладна па адным сцэнарыі. Перш за ўсё аглядаецца навакольная тэрыторыя на наяўнасць слядоў, напрыклад, абутку ці транспарта, якія пры выяўленні канфіскуюць. Далей, калі напрыклад, гэта крадзеж са ўзломам, старанна даследуюцца дзверы, вокны і іншыя шляхі, праз якія злачынца змог пракрасціся. Апошнім аб’ектам вывучэння становіцца жылое памяшканне. Усё, што эксперты выяўляюць, адразу ж фатаграфуюць, а прадметы, якія могуць мець хоць нейкае дачыненне да злачынцы, апрацоўваюць спецыяльнымі парашкамі, пакуюць і пасля састаўлення пратакола ў прысутнасці панятых, забіраюць. І ўжо пазней, на падставе пастановы, якую выносіць следчы, па кожным прадмеце праводзіцца пэўнага віду экспертыза. Заключэнне перадаюць следчаму, і менавіта яно служыць крыніцай доказу, – адзначыў Дзяніс Іванавіч.
Начальнік аддзела расказаў, што за 2024 год праведзена 672 экспертызы і даследавання. Супрацоўнікі аддзела – 6 экспертаў, 4 з якіх эксперты-крыміналісты, 2 дзяржаўныя судова-медыцынскія эксперты, за мінулы год прынялі ўдзел амаль у 563 аглядах месцаў здарэнняў. Спецыялісты міжраённага аддзела на высокім узроўні супрацоўнічаюць з органамі ўнутраных спраў, следчым камітэтам.
На пытанне наколькі важны ўклад кожнага ў раскрыцці злачынстваў, Дзяніс Іванавіч адказаў так:
– У руках эксперта засяроджана такое паняцце, як “устанаўленне справядлівасці”. Ён займаецца самымі разнастайнымі даследаваннямі – усім, што можа дапамагчы раскрыць злачынства або вызначыць дак-ладныя абставіны здарэння. Праца дастаткова цікавая, але складаная, бо крыміналіст павінен валодаць вялікімі ведамі ў самых розных сферах. Акрамя таго, трэба быць сабраным і сканцэнтраваным: у працы на месцы здарэння дробязяў не бывае. Эксперт павінен валодаць галоўнымі якасцямі: цярпеннем, упартасцю і працавітасцю.
У нашых шэрагах працавалі і працуюць сапраўдныя прафесіяналы, досвед якіх па праве пераймае моладзь. На працягу многіх гадоў працаваў у экспертна-крыміналістычным сектары па Петрыкаўскім раёне, прафесіянал сваёй справы Дзмітрый Васільевіч Говін, які пачынаў свой шлях з участковага, дазнаўца, эксперта-крыміналіста. Цяпер Дзмітрый Васільевіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Сення на Петрыкаўшчыне ў дадзенай галіне працуюць старшы эксперт экспертна-крыміналістычнага сектара Мікалай Таргонскі, эксперт экспертна-крыміналістычнага сектара Наталля Сланчаўскас, начальнік сектара судова-медыцынскіх экспертыз Аляксандра Клімава, санітарка сектара судова-медыцынскіх экспертыз Вольга Літвін, – людзі адданыя выбранай справе.
– Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць усіх сваіх калег з Днём судовага эксперта і пажадаць моцнага здароўя, шчасця ў асабістым жыцці, поспеху і любові. Шчырыя словы падзякі вашым родным і блізкім, якія падзяляюць з вамі ўсе нягоды службы. Стоячы на варце законных правоў і інтарэсаў людзей, абароне бяспекі дзяржавы, вы з гонарам і годнасцю нясеце званне супрацоўніка Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз! Упэўнены, што пры выкананні службовых абавязкаў вамі кіруе пачуццё абавязку і справядлівасці.
Са святам!

Марыя Тамко,
фота з архіва героя.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о