На мінулым тыдні Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў рабочую сустрэчу з генеральным дырэктарам Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) Рафаэлем Гросі.
Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) – міжурадавая арганізацыя ў сістэме ААН, створаная ў 1957 годзе. Членамі агенцтва з’яўляюцца 180 дзяржаў. Рэспубліка Беларусь уваходзіць у МАГАТЭ з моманту яго стварэння. Сярод асноўных функцый МАГАТЭ – аказанне дзяржавам-членам неабходнай дапамогі і развіццё навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва ў галіне мірнага выкарыстання атамнай энергіі; садзейнічанне ў забеспячэнні належнага ўзроўню ядзернай і радыяцыйнай бяспекі; кантроль за тым, каб атамная энергія выкарыстоўвалася выключна ў мірных мэтах і ядзерныя матэрыялы не пераключаліся на ваенныя мэты.
На пачатку сустрэчы, якая адбылася ў Палацы Незалежнасці, Прэзідэнт адзначыў, што яму асабіста, а таксама беларусам вельмі імпануе актыўная работа Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі ў апошні час. “Мы вас часта бачым, знаёмыя з вашымі заключэннямі і заявамі, – звяртаючыся да Рафаэля Гросі, паведаміў Аляксандр Лукашэнка. – Мы вельмі станоўча ацэньваем вашу работу, звязаную з бяспекай атамных станцый, асабліва тых станцый, якія апынуліся ў зоне фактычных баявых дзеянняў, – Запарожскай і Курскай”.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі пабудавалі самую сучасную і самую бяспечную атамную станцыю ў свеце. “У нас не было ні спецыялістаў, ні вопыту, ні ведаў у эксплуатацыі атамнай станцыі. Але мы гэтаму навучыліся. Мы своечасова падрыхтавалі спецыялістаў, вельмі вялікую дапамогу ў гэтым плане аказалі нам Расійская Федэрацыя і МАГАТЭ. Таму мы свабодна можам сёння гаварыць пра бяспеку нашай станцыі. А той вопыт, які мы назапасілі ў Беларусі, спатрэбіцца нашай арганізацыі ў любой кропцы планеты”.
Мы прыхільнікі бяспекі і міру
Па словах кіраўніка дзяржавы, спекуляцыі наконт эксплуатацыі Беларускай атамнай электрастанцыі былі, ёсць і будуць. “Але гэта ўжо палітыка, не будзем пра гэта гаварыць. Увогуле, вы павінны ведаць, што мы прыхільнікі бяспекі, міру і мы зробім усё, на што мы здольныя, што ад нас залежыць, для таго, каб забяспечыць рэгіянальную ядзерную бяспеку. У гэтым вы можаце не сумнявацца. Мы разумныя людзі і на рознага роду авантуры не кідаемся”.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Рафаэль Гросі прыехаў у доб-рую, дружалюбную краіну, дзе жыве вельмі міралюбівы народ, які прыхільны развіццю атамнай энергетыкі, бо за ёй – будучыня. “Нам атамная энергетыка вельмі патрэбная для нашай эканомікі, якая дынамічна развіваецца”, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падзякаваў гендырэктару МАГАТЭ за падтрымку і дапамогу, якую агенцтва заўсёды аказвала Беларусі ў развіцці мірнага атама, і выказаў спадзяванне на шчыльнае супрацоўніцтва.
“Беларусь выступае прыкладам”
У сваю чаргу, генеральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі выказаў удзячнасць беларускаму лідару за гасціннасць і цёплы прыём. “Мы наведваем вашу краіну і абмяркоўваем цэлы шэраг пытанняў. З вялікім задавальненнем можна назіраць, што абодва энергаблокі ядзернай электрастанцыі знаходзяцца ў эксплуатацыі, – дадаў ён. – Для мяне асабліва прыемна пачуць, што на ўзроўні кіраўніка дзяржавы ёсць самая сур’ёзная зацікаўленасць да забеспячэння ядзернай бяспекі. Гэта сведчыць пра многае. І перш за ўсё пра прафесіяналізм, якім валодае ваша краіна на доўгім шляху станаўлення дзяржавы, якая вырабляе атамную энергію”.
Па словах Рафаэля Гросі, Беларусь у гэтым выпадку выступае прыкладам таго, як краіна можа працаваць з агенцтвам, як шчыльна можа ўзаемадзейнічаць з экспертамі і місіяй арганізацыі і паказваць адкрытасць да гэтага пытання.
Галіна КАЗАК, фота БелТА.
Оставить комментарий