Напрыканцы мінулага тыдня на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта былі разгледжаны пытанні работы з маёмасцю, якая размешчана на тэрыторыі раёна і не выкарыстоўваецца, і падрыхтоўка арганізацый, размешчаных на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна, да работы ў асенне-зімовы перыяд 2024/2025 года.
Пасяджэнне выканкама прайшло пад старшынствам кіраўніка раёна Аляксандра Кохана. У рабоце прынялі ўдзел першы намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Баско, першы намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гомельскай вобласці Андрэй Прыкота, старшыня Мазырскага міжраённага камітэта дзяржаўнага кантролю Сяргей Буднік, старшыня камітэта “Гомель-аблмаёмасць” Наталля Сацута, старшыня раённага Савета дэпутатаў Віталій Пілер, кіраўнікі арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў, старшыні сельвыканкамаў.
Па інфармацыі намесніка старшыні райвыканкама Аляксандры Янчанкавай, у Адзіным рэестры маёмасці лічыцца 82 юрыдычныя асобы, маёмасць якіх знаходзіцца ва ўласнасці Петрыкаўскага раёна. На 1 красавіка 2024 года агульная плошча будынкаў, пабудоў і нежылых памяшканняў, што знаходзяцца ў камунальнай уласнасці раёна, складае 402,9 тысячы квадратных метраў, з іх невыкарыстоўваюцца 9 тысяч квадратных метраў.
Агульная вага невыкарыстоўваемых плошчаў на 1 красавіка склала 2,25% пры сярэднеабласным паказчыку 2,79%. Найбольшую ўдзельную вагу такіх плошчаў займаюць аб’екты аддзела адукацыі райвыканкама. Маёмасць, якая знаходзіцца ва ўласнасці Петрыкаўскага раёна, прапануецца і здаецца зацікаўленым суб’ектам гаспадарання ў арэнду. Па стане на 1 красавіка заключаны 59 дагавораў арэнды і 35 дагавораў бязвыплатнага карыстання.
Як адзначыла ў сваім дакладзе намеснік старшыні, у 2024 годзе падлягае ўцягненню ў гаспадарчы абарот ці зносу 42 аб’екты маёмасці камунальнай уласнасці і адкрытых акцыянерных таварыстаў, якія не выкарыстоўваюцца. З якіх 5 – прапануюцца да продажу, 32 – падлягаюць зносу, 3 – здаюцца ў арэнду, 2 – плануецца выкарыстоўваць ва ўласных мэтах. Па выніках работы ў першым квартале ўжо ўцягнута ў гаспадарчы абарот 24 аб’екты. Недапушчальным, па меркаванні першага намесніка старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беласусь Дзмітрыя Баско, з’яўляецца факт несвоечасовага правядзення мерапрыемстваў па выяўленні аб’ектаў, якія не выкарыстоўваюцца, і прадстаўлення інфармацыі ў райвыканкам. “Кіраўнікі гаспадарак і суб’ектаў гаспадарання ў першую чаргу павінны быць зацікаўлены ў поўнай інвентарызацыі сваёй маёмасці. Ваша задача – дакладна разумець што ў вас ёсць і што з гэтым рабіць”, – пазначыў Дзмітрый Баско.
У сваю чаргу старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан звярнуў увагу кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў, у чыёй уласнасці маюцца невыкарыстоўваемыя аб’екты, на іх бяспеку і знешні выгляд. “Каб здаць у арэнду ці прадаць аб’ект, яго неабходна падтрымліваць у належным стане. Балявыя кропкі выяўлены, цяпер важна надаць імпульс па іх вырашэнні”, – рэзюмаваў кіраўнік раёна.
Што да пытання падрыхтоўкі арганізацый, размешчаных на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна, да работы ў асенне-зімовы перыяд 2024/2025 года, то па інфармацыі намесніка старшыні Аляксандра Дзегцяра, работа ідзе згодна з графікам. Увага ў ходзе пасяджэння акцэнтавалася на выкананні пазначаных тэрмінаў здачы пашпартаў гатоўнасці крыніц і спажыўцоў цеплавой энергіі, умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы камунальнікаў і дарожнікаў.
“З улікам мінулагодніх пратэрміновак асаблівую ўвагу варта звярнуць на аграпрамысловы комплекс. Работу закручвайце ўжо цяпер, каб годна ўвайсці ў асенне-зімовы перыяд. Пытанне не ў тым, каб атрымаць пашпарт гатоўнасці, а ў тым, як у пазначаны тэрмін якасна падрыхтавацца. У зоне адказнасці кіраўнікоў – памяшканні, дзе будзе рамантавацца тэхніка і ўтрымлівацца пагалоўе. Што да апошняга, то, без перабольшання, умовы ўтрымання напрамую ўплываюць на якасць і аб’ёмы вытворчасці” – адзначыў старшыня райвыканкама.
Па выніках пасяджэння райвыканкама Аляксандрам Коханам перад кіраўнікамі арганізацый і прадпрыемстваў былі пастаўлены канкрэтныя задачы, устаноўлены тэрміны іх выканання.
Па завяршэнні пасяджэння выканкама першы намеснік Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Баско правёў прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, а таксама прамую тэлефонную лінію.
Галіна КАЗАК.
Фота Арцёма ГУСЕВА.
Оставить комментарий