На мінулым тыдні ў аблвыканкаме з дэлегатамі VII Усебеларускага народнага сходу ад Гомельскай вобласці прайшло абмеркаванне праекту праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026-2030 гады.
Абмеркаванне на месцах, пераканана дэлегат ад Петрыкаўскага раёна, намеснік дырэктара пансіяната “Палескія сосны” Таццяна Шабалтас, мае асаблівае значэнне: яно дае магчымасць не толькі пазнаёміцца з ключавымі напрамкамі будучага развіцця краіны, але і пачуць меркаванне прадстаўнікоў рэгіёна, якія штодзень працуюць у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, адукацыі і сацыяльнай сферы. Тое, што абмеркаванне пытанняў, вынесеных на парадак дня УНС, праходзіць з прыцягненнем прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці не толькі падчас сходу, але і напярэдадні, толькі пацвярджае, што УНС – гэта максімальна набліжаны да людзей орган улады.
– Як пазначыў падчас сустрэчы губернатар вобласці Іван Крупко, для нашай вобласці, як і для краіны ў цэлым, актуальнымі з’яўляюцца пытанні мадэрнізацыі вытворчасці, павышэння эфектыўнасці аграпрамысловага комплексу, развіцця інфраструктуры і стварэння новых працоўных месцаў. У цэнтры ўвагі таксама застаюцца задачы па ўмацаванні сацыяльнай падтрымкі насельніцтва, развіццю аховы здароўя і адукацыі, а таксама ўкараненню лічбавых тэхналогій.
Асновай праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны па-ранейшаму з’яўляецца баланс інтарэсаў эканомікі і сацыяльнай сферы, знешнепалітычны і знешнеэканамічны вектары. Мы, як неаднаразова пазначаў Прэзідэнт, знаходзімся ў даволі складаным геаграфічным становішчы і жывем у вельмі няпросты час. Менавіта таму нашым людзям важна яшчэ раз атрымаць пацвярджэнне таго, што ў новай пяцігодцы мы захаваем прынцыпы сацыяльна арыентаванай эканомікі, па-ранейшаму будзе надавацца істотная ўвага развіццю нашых рэгіёнаў і будзе прыкладацца максімум намаганняў, каб жыхары невялікіх населеных пунктаў мелі ўсе ўмовы для годнага жыцця і развіцця.
Быць дэлегатам ці ў ліку запрошаных на мерапрыемства – гэта вялікі гонар і высокая адказнасць. Удзел у такіх мерапрыемствах да ўсяго іншага дае магчымасць адчуць адзінства мэт і задач, якія стаяць перад краінай.
Жыхары краіны чакаюць ад нас, дэлегатаў, правільных рашэнняў, накіраваных на ўмацаванне і развіццё суверэннай Беларусі, чакаюць пасланне Прэзідэнта, які заўсёды закранае на пасяджэнні актуальныя для нашага грамадства тэмы.
Усе ўдзельнікі маючай адбыцца сустрэчы ўсведамляюць, што знаходзяцца на парозе найважнейшай падзеі, якая вызначыць вектар развіцця краіны на гады наперад, і, адпаведна, будучыню кожнага з нас, – падзялілася дэлегат VII Усебеларускага народнага сходу ад Петрыкаўскага раёна.
Запісала Галіна КАЗАК.





Оставить комментарий