На беразе імклівай Прыпяці, там, дзе ў яе ўліваецца Пціч, у асяроддзі старычных азёр, не, не прыціснулася, а шырока раскінулася вёска Багрымавічы. Яе часткі, якія жыхары завуць Ражок, Сяло ды Хутар, займаюць даволі вялікую тэрыторыю.
Вёска гэтая з багатай і цікавай гісторыяй. Бо знаходзілася яна на скрыжаванні двух водных артэрый Палесся – у свой час гэта былі асноўныя шляхі зносін. Менавіта таму ў 16 стагоддзі вёска была цэнтрам Багрымавіцкага староства, у якое ўваходзіла сяло Каленкавічы (вось такія зменлівасці лёсу!)
Навукоўцы выводзяць пахо-джанне назвы вёскі ад цюркскага імя Багрым (Байрам – назва мусульманскага свята). У гэтым сэнсе даволі цікава тое, што адзін з варыянтаў паходжання прозвішча Сігай, распаўсюджанага тут, так сама ад цюрскага слова «сэрца» або «мілата».
На працягу некалькіх стагоддзяў жылі ў Багрымавічах людзі, нягледзячы на паводкі, якія вясною маглі быць настолькі вялікія, што вада затапляла хаты. На падлогу ставілі калодкі, клалі дошкі і так жылі, такім жа чынам у хлявах стаяла жывёла. Даіць кароў з хаты ў хлеў таксама даводзілася ездзіць на лодках. Таму ў дварах багрымаўцаў іх было некалькі. Розных памераў і прызначэнняў.
У ХІХ стагоддзі ў вёсцы дзейнічалі Георгіеўская царква, хлебазапасны магазін, прыстань, карчма. Па рацэ сплаўлялі лес, перавозілі розныя тавары. У вёсцы ладзілі кірмашы, па сведчанні старажылаў падоўгу каля вёскі на шырокім балонні (заліўны луг) стаялі табарам цыганы. Населены пункт быў значным.
Вядома, што вёска не аднаразова знішчалася падчас войнаў. Найбольш ўсяго Багрымавічы пацярпелі падчас руска-польскай вайны 1654-1667 гадоў, а таксама ў час Вялікай Айчыннай вайны. Цяжкія баі за авалоданне населеным пунктам ішлі ў студзені-лютым 1944 года, рака стала непераадольнай перашкодай для наступаючых савецкіх войскаў. Ва ўрочышчы Жохаўка знаходзіцца помнік вызваліцелям вёскі.
Багрымавічы перажывалі свой другі росквіт у 60-70-х гадах ХХ стагоддзя, у гэты час тут было шматлюдна – пражывала больш за 700 чалавек. Склад насельніцтва быў даволі малады, шмат маладых семьяў і дзяцей, ішло актыўнае будаўніцтва прыватных дамоў.
У гэты час у вёсцы працавалі дзве крамы, школа, ФАП, бібліятэка і клуб, сплаўучастак.
Гэта быў час расквіту рачнога судаходства ў рэспубліцы. Па Прыпяці ішлі грузавыя баржы, працавала пасажырская “ракета”, якой можна было патрапіць у Мазыр або наадварот, у Тураў. Што цікава, у гэты час жыхары на сваіх маторных лодках таксама ездзілі, напрыклад, у Мазыр – наведаць крамы ці нават пахрысціць дзяцей у Мазырскім храме (было і такое!).
У 80-я гады ХХ стагоддзя колькасць насельніцтва пачала змяншацца: моладзь ад’язджала ў гарады, маладыя сем’і працаўнікоў Капаткевіцкага БМУ атрымалі кватэры ў Капаткевічах.
Але вёска не здаецца! Гэта прывабнае месца для актыўнага адпачынку каля ракі, яго аблюбавалі рыбакі, аматары як летняй, так і зімовай рыбалкі. Але бывалыя аматары вуды раяць: калі збіраецеся ў Багрымавічы, бярыце з сабою правадніка, бо ў безлічы старычных азёраў, старых рэчышчаў, рукавоў Пцічы і Прыпяці, можна і заблукаць.
Зарэгістраваных жыхароў у апошні час у Багрымавічах 46 чалавек, якія пражываюць у 26 хатах. Але ў вёсцы амаль сотня дач, куды людзі едуць на адпачынак.
Ганна Пырко, старшыня Пціцкага сельскага савета, паведаміла: “Вёска Багрымавічы вылучаецца тым, што толькі дзве хаты былі знесены, як лядашчыя, за астатнімі гаспадары даглядаюць”.
У населеным пункце працуе аграсядзіба і сялянска-фермерская гаспадарка пры ёй, улетку, калі колькасць жыхароў прыбывае, працуе і невялікая прыватная крама.
Ёсць у Багрымавічах і свае энтузіясты, якія збіраюць вяскоўцаў на штогадовую вясковую сустрэчу.
Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя!
Вёска Багрымавічы жыве і чакае ў госці рыбакоў і аматараў адпачынку на прыродзе ці любіцеляў маляўнічых фота.
Надзея Сігай,
фота з інтэрнету.







Оставить комментарий