Лета ў поўным разгары, і зялёныя насаджэнні працягваюць разрастацца. Часам яны настолькі актыўныя ў сваім росце, што загароджваюць указальнікі на дарогах. На жаль, такіх месцаў у нашым раёне не мала.
Літаральна днямі давялося ехаць па вуліцы Карла Маркса. На адным з участкаў дарогі знак патрабаваў поўнага тармажэння. Дарожны ўказальнік быў схаваны лістотай і я яго не ўбачыла. Звярнула на яго ўвагу, толькі тады, калі кіроўца сустрэчнай Audi паказаў на “зялёнку” з акна свайго аўтамабіля.
У дадзенай сітуацыі нічога дрэннага не здарылася, але асадачак, як кажуць, застаўся. Пачала звяртаць увагу, як сітуацыя на другіх вуліцах горада. Аказалася, знакаў, схаваных лістотай – часткова бачных, з нулявой бачнасцю – у горадзе дастаткова. Калі яшчэ ў дзённы час кіроўца зможа зарыентавацца візуальна на дарозе, то ў начны час ці ў дрэннае надвор’е трэба быць максімальна пільным, бо знакі ў такіх выпадках маюць прынцыповае значэнне. Страшна ўявіць сябе ў цёмны час сутак за рулём аўтамабіля і не ўбачыць з-за лістоты знак “штучная няроўнасць” разам з “абмежаваннем максімальнай хуткасці”, або напрамак галоўнай дарогі.
Не будзе лішнім нагадаць, што згодна з Дзяржстандартам, размяшчэнне дарожных указальнікаў павінна ажыццяўляцца па нормам, якія прадугледжваюць гарантыю іх бачнасці для вадзіцеля і пешахода.
Вядома, зялёныя насаджэнні ў горадзе – гэта добра. Але дрэвы растуць, за імі трэба догляд і калі нічога не рабіць, з часам будзем ездзіць без дарожных знакаў. Спадзяёмся, адпаведныя службы зробяць маніторынг па дадзенай праблеме, ўхіляць недахопы для максімальнага камфорту удзельнікаў дарожнага руху.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий