У руках нашай зямлячкі Ганны Туравец белы ліст паперы ператвараецца ў дзіўную кампазіцыю. Больш за дзесяць гадоў яна стварае выцінанкі і працягвае знаходзіць у гэтым відзе творчасці нешта новае, захоўваючы пры гэтым народныя традыцыі.


Ганна Валянцінаўна нарадзілася ў Петрыкаве. У свой час закончыла сярэднюю школу №2. Ужо з дзіцячых гадоў у яе з’явілася цікавасць да малявання. Менавіта гэты школьны досвед стаў для Ганны адпраўной кропкай і асновай яе занятку ў будучыні. Таму пасля заканчэння школы наша гераіня вырашыла паступаць у Бабруйскае вучылішча дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на спецыяльнасць “Мастак-афарміцель, дэкаратар-вітражыст”.


У аддзел культуры Петрыкаўскага райвыканкама спецыяліст прыйшла працаваць у 2013 годзе. У гэты ж час пад кіраўніцтвам дырэктара раённай бібліятэкі Таццяны Галіцкай пачаўся яе шлях у свет выцінанкі. З 2015 года Ганна Туравец стала майстрам народных мастацкіх рамёстваў ДУК “Петрыкаўскі раённы дом рамёстваў”. Заняўшыся гэтым відам мастацтва, яна была настолькі здзіўлена яго выразнасцю, што вырашыла яму прысвяціць і далейшы свой час. Першыя спробы былі няўдалымі, але зацятасць і імкненне да дасканаласці прывялі яе да поспеху. З тых часоў выраза-ла дзясяткі прыгожых узораў. На іх – птушкі, кветкі, дрэвы… Цяпер яе работы ўражваюць тонкасцю выканання, багаццем узораў і глыбінёй нацыянальнага каларыту. Ліст белай паперы, нажніцы і багатая фантазія – з такога сціплага набору сродкаў у майстрыхі атрымліваюцца сапраўдныя шэдэўры, напоўненыя глыбокім, а часам сакральным сэнсам. Асаблівае месца ў яе творчасці займае праца “Дрэва жыцця”. Гэта серыя стала сапраўднай візітнай карткай майстрыхі і нязменна прыцягвае ўвагу гледачоў на выставах. Дарэчы, гэты сімвал займае асаблівае месца ў славянскай культуры. Яго значэнне звязана непасрэдна з вобразам дрэва. Карані ўвасабляюць сувязь з продкамі, ствол – жыццё чалавека, плады, пабегі – дзеці. Дрэва – сімвал жыцця. Каранямі сваімі яно ідзе глыбока ў зямлю, а галінамі цягнецца да неба, сонца, цяпла, жыцця, сімвалізуючы памяць аб продках, аб душах памерлых. У сваіх работах “Беларускае вяселле”, “Любімы край – Палессе”, “Папараць-кветка”, “Сонцаварот”, “Родны кут”, “Жанчына – сэнс жыцця” Ганне Валянцінаўне ўдалося не толькі захаваць традыцыю беларускай выцінанкі-выбіванкі, але і напоўніць яе новым зместам і перадаць сваё ўменне дзецям. “Я лічу, што выцінанка – адзін з відаў прыкладной творчасці, які дапамагае расслабіцца і пераключыцца з паўсядзённых клопатаў на стварэнне”, – адзначыла жанчына.


Работы Ганны Туравец атрымалі прызнанне, вядомасць і ўзнагароды на выставах, конкурсах і фестывалях самага рознага ўзроўню. На днях яна прадстаўляла Петрыкаўшчыну ў сталіцы на XVI Рэспубліканскім фестывалі-ярмарцы “Вясенні букет”, дзе прывяла ў захапленне сваімі работамі ўдзельнікаў мерапрыемства і яго наведвальнікаў. А з нядаўняга часу доказам пераемнасці пакаленняў у сям’і стаў сумесны ўдзел у творчых мерапрыемствах са сваёй дачкой Сафіяй (на фота).
Сёння Ганна Валянцінаўна адзін з папулярызатараў беларускай выцінанкі на Петрыкаўшчыне. Яе творчасць – гэта не толькі захаванне народных традыцый, але і іх развіццё ў сучасным кантэксце. Дзякуючы яе намаганням, гэты від мастацтва працягвае жыць, натхняючы і захапляючы людзей сваімі ажурнымі ўзорамі.


Галіна ЗАНКЕВІЧ,
навуковы супрацоўнік Петрыкаўскага краязнаўчага музея, фота з архіву Петрыкаўскага раённага дома рамёстваў.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о