Азарычы – боль, пра які не забудзем

0
249

80 гадоў назад, 27 студзеня 1945 года, Савецкая Армія вызваліла адзін з самых страшных фашысцкіх канцлагераў смерці – Асвенцым. У гады Другой сусветнай вайны ўсяго налічвалася 14 тысяч лагераў смерці, 350 з якіх дзейнічалі на тэрыторыі нашай краіны

Адзін з іх – лагер смерці “Азарычы”. Менавіта там у 1944 годзе, з людзьмі хворымі на сыпны тыф, галоднымі і халоднымі жыхарамі розных узростаў Беларусі і Расіі, знаходзілася васьмігадовая дзяўчынка, наша зямлячка з Чалюшчавічаў Вера Сарочык.


– Толькі пасля вайны, калі ўжо падрасла, даведалася, у якім пекле я была. Што з Азарыцкага лагера смерці выйсці жывым было цудам, – пачынае размову Вера Ільінічна. – Тады мы нічога не ведалі, не разумелі. Мы проста ўсе сядзелі ў балоце і чакалі смерці.

  • З архіўных дакументаў: “Лагер смерці “Азарычы” стаў першым на тэрыторыі Беларусі, у якім нацысты выкарыстоўвалі жывую біялагічную зброю – вязняў заражалі тыфам, каб распаўсюдзіць заразу на байцоў наступаючай Чырвонай Арміі.
    Усяго за два тыдні ў балоце ад заражэння, голаду і холаду загінулі, паводле розных звестак, ад 16 да 20 тысяч чалавек – дзяцей, жанчын, пажылых людзей. Усяго ж фашысты сагналі сюды больш за 50 тысяч беларусаў з розных абласцей краіны, а таксама жыхароў Смаленскай і Арлоўскай абласцей Расіі”.

Былы вязень родам з вёскі Дубрава, Колкаўскага сельскага Савета. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, дзяўчынцы было пяць гадоў. Бацька рана памёр – прыйшоў з фінскай вайны хворым на ногі і ніякае лячэнне не дапамагло. У мацеры падрасталі чацвёра дачок.
– Калі немцы прыйшлі ў вёску, мы нейкі час жылі па хатах у сваёй радні. Але жыць у Дубраве станавілася небяспечна: былі частыя перастрэлкі, даходзілі чуткі, што забіваюць мірнае насельніцтва. Вырашылі са сваякамі ісці ў лес. Там, у гушчары пабудавалі шалаш з галінак, унутры якога распальвалі вогнішча, каб грэцца. Ад голаду ратавала бульба, знойдзеная ў палях. Так практычна ўсю зіму і пражылі, пакуль не знайшлі нас паліцаі, – дзеліцца жанчына. – Прывялі нас у Сякерычы і размясцілі ў вялікае памяшканне, дзе было ўжо шмат народу. Людзі думалі, што іх чакае лёс землякоў са спаленай Хвойні. Але па нейкай прычыне заложнікаў адпусцілі.
Сям’я зноў падалася ў лес. Але праз час іх знайшлі немцы. Пагрузілі ў крытую машыну і адвезлі ў пасёлак Акцябрскі. Спачатку ў райцэнтр, а пасля ў вёску Харомцы.
– Пасялілі нас у нейкай старой хаце. А цётка мая, маладая настаўніца, на той час захварэла на тыф, – успамінае вязень. – Неяк вечарам зайшлі да нас немцы з паліцаямі. Сказалі: “Апранайцеся, забірайце свае рэчы, павядзём вас у цёплыя хаты”. А цётку хворую застрэлілі на нашых вачах.
Прыезд на тэрыторыю лагера зямлячка добра памятае. Была ноч. Немцы павыкідвалі ўсіх з машыны на дарогу. Палонныя агледзеліся: цёмна, лес вакол. Агрэсары пагналі людзей да балота, дарослых пазаштурхоўвалі, а дзяцей пазакідвалі ў ваду. Тэрыторыя была абцягнута дротам і ахоўвалася немцамі з сабакамі.
– Маці меншых на плечы пасадзіла, каб перанесці на сухі ўзгорачак. Селі на зямлю і чуем: лес гудзе ад плачу і стогну. Так мы і зразумелі, што не адны тут, – дзеліцца гераіня. – Маці прывязала за галінкі дрэў дзяружку, пасадзіла нас пад яе, каб снег не падаў. Прайшло столькі часу, а ў памяці як сёння: матуля грэе ножкі дачок сваім целам. Вады не было, ежы не было – толькі страшны холад. Адзін ці два разы падыходзілі немцы і здалёк кідалі сухі хлеб. Як жывёлам.
У адну з начэй неба разарваў роў самалётаў, пачаліся ўзрывы, стральба. Гераіня прызнаецца: было вельмі страшна, думалі, што гэта апошнія гадзіны жыцця. На раніцу стала ціха, сонейка ўзышло і ветру не было. Не чутно было ні крыку фашыстаў, ні брэху іх сабак. Маці з дзецьмі вырашылі прабірацца к дарозе.
– Праз нейкі час тут мы ўбачылі салдат Чырвонай арміі, які выносілі з далейшых тэрыторый хворых людзей, а таксама памерлых. З усіх канцоў балота пачалі выходзіць знямоглыя людзі, – расказвае Вера Ільінічна. – Усіх, хто застаўся ў жывых адвезлі спачатку ў Хойніцкі, затым у Брагінскі раён. Там і сустрэла наша сям’я Перамогу.

  • З архіўных дакументаў:
    “Жудаснае відовішча ўбачылі ў лагеры смерці “Азарычы” савецкія воіны 65-й арміі, якія вызвалялі канцлагер з 18 на 19 сакавіка 1944 года. З трох лагераў было вызвалена каля 33,5 тысяч зняволеных, у тым ліку 16 тысяч знясіленых дзяцей ва ўзросце да 13 гадоў”.

– У кожнага, хто прайшоў праз такое пекла і выжыў, свой лёс, свае ўспаміны пра тыя страшныя дні, калі кожная хвіліна, кожны крок маглі стаць апошнімі. Гэты боль ніколі не сціхне. Такое немагчыма выкінуць з памяці, – упэўнена ахвяра вайны. – Беларусам варта памятаць, праз якія страшныя выпрабаванні прайшло старэйшае пакаленне. Галоўная задача маладых – захаваць мір і дабрабыт у нашай краіне. Каб такое ніколі, ніколі не паўтарылася.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о