Ацяпляльны сезон патрабуе ўвагі

0
32

Халодная пара года – перыяд, якому МНС надае асаблівую ўвагу. У гэты час насельніцтва сагравае сваё жыллё: топяць печы, выкарыстоўваюць абагравальнікі, ацяпляльныя катлы. Выкарыстоўваючы такія магчымасці, не трэба забываць пра бяспеку выкарыстання ацяпляльных прыбораў.

Пячное ацяпленне
Часцей за ўсё пажары адбываюцца з-за перакалу печаў, утварэння ў цагляным муры расколін, пры ўжыванні для іх падпалкі гаручых і лёгкаўзгаральных вадкасцяў, а таксама выпадзенні з топкі падпаленых вуглёў.
Памятайце:
1. Печ павінна быць правільна складзена і спраўная. Пры яе распальванні патрэбна ўжываць дровы, даўжыня якіх не перавышае памеры топкі.
2. Перад пачаткам ацяпляльнага сезону гаспадары павінны пачысціць комін. Назапашаная ў ім сажа не толькі пагаршае цягу, але і можа пасля стаць прычынай узгарання. Працэдуру гэтую спецыялісты раяць праводзіць не радзей за адзін раз у тры месяцы.
3. Печы, паверхні труб і сцен, у якіх праходзяць дымавыя каналы, павінны быць без расколін, а на гарышчах – абтынкованыя і пабеленыя.
4. Дываны і дарожкі павінны быць прыбраныя ад печы далей. А вось негаручы ліст памерамі не менш за 0,7×0,5 метраў, які размяшчаецца доўгім яго бокам уздоўж печы – павінен быць у абавязковым парадку. І не забывайце пра тое, што дзверцы грубы, якая топіцца павінны быць зачынены.
5. Перакал печы – вельмі час-тая прычына пажару. Тапіць печ пажадана некалькі разоў у дзень, але патроху.
6. Не пакідайце без нагляду печ, грубу, якія топяцца. Не даручайце дзецям нагляд за імі.
7. У час сну чалавек не адчуе, калі ў памяшканні запахла дымам. Вельмі часта зачыненая раней часу засоўка коміна прыводзіць да таго, што людзі атрымліваюць атручванне ўгарным газам. У спячага чалавека ў такой сітуацыі шанцаў застацца ў жывых практычна няма. Яшчэ раз нагадваем, што печ, якая топіцца, нельга пакідаць без нагляду. Таму, спыняйце топку не пазней, чым за дзве гадзіны да адыходу да сну.

Абагравальнікі
Адсутнасць печак і недахоп магутнасці цэнтральнага ацяплення кампенсуюцца абаграваль-нікамі. Сучасныя мадэлі дастаткова бяспечныя пры ўмове іх правільнай эксплуатацыі. Адно з самых памылковых меркаванняў, што алейныя электраабагравальнікі зусім бяспечныя. Так, працу алейнага абагравальніка прынята лічыць больш надзейнай, чым яго “сваяка” з адкрытай спіраллю.
Як карыстацца абагра-вальнікам, каб ён не стаў прычынай пажару:
1. Вывучыце інструкцыю. Не парушайце ўказанні вытворцы. Калі тэрмін эксплуатацыі прыбора скончыўся – не выкарыстоўвайце яго.
2. Пазбягайце перагрузкі электрасеткі. Асабліва гэта важна ў інтэрнатах і шматкватэрных дамах савецкай пабудовы. Не ўключайце адразу некалькі магутных прыбораў.
3. Сачыце за спраўнасцю штэкераў і злучэнняў. Пры паломцы звяртайцеся ў сервісны цэнтр.
4. Не пакідайце абагравальнік уключаным на ноч і не выка-рыстоўвайце яго для сушкі рэчаў.
5. Усталёўвайце абагравальнік на бяспечнай адлегласці ад фіранак, мэблі і дываноў.
Ацяпляльныя катлы
У мэтах выключэння надзвычайных сітуацый пры эксплуатацыі бытавых цвёрдапаліўных катлоў рэкамендуецца няўхільна выконваць патрабаванні заводу-вытворцы па іх эксплуатацыі. Перад пачаткам ацяпляльнага перыяду неабходна правесці чыстку міжтрубнай часткі топкі катла, газахода і дымавой трубы, праверыць шчыльнасць зачынення дзверцаў і зольніку. Пры распальванні катла абавязкова пераканайцеся, што канал газаходу свабодны, забяспечваецца цыркуляцыя цепланосбіта ў сістэме, ціск па манометры, усталяваным на катле, адпавядае норме. Забараняецца:
1. Выкарыстоўваць самаробныя катлы, не абсталяваныя аўтаматыкай бяспекі і кантрольна-вымяральнымі прыборамі.
2. Праводзіць падпалку пры адсутнасці цыркуляцыі вады ў сістэме апалу.
3. Складаваць ушчыльную да катла гаручыя матэрыялы.
4. Пры распальванні выка-рыстоўваць лёгкаўзгаральныя і гаручыя вадкасці.
Паважанныя жыхары Петрыкаўшчыны! Не грэбуйце элементарнымі правіламі пажарнай бяспекі. У выпадку любой непрадбачанай сітуацыі тэлефануйце па тэлефоне “101” і “112”.

Святлана СОБАЛЕВА,
па нфармацыі Петрыкаўскага РАНС.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о